Стартуе набор на Школу маладога пісьменніка — падаць заяўку

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў рады абвесціць новы набор у Школу маладога пісьменніка. Школа працуе з 2012 году як нефармальны адукацыйны праект для маладых літаратараў. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца аналізаваць творы папярэднікаў, пісаць свае тэксты, а таксама слухаць сябе ды абмяркоўваць творы сваіх аднагрупнікаў.

Сёлета ў Школе выкладаюць Ульяна Верына, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская і Андрэй Хадановіч — літаратары, педагогі, даследчыкі і навукоўцы са шматгадовым вопытам творчай працы. Пастаянныя выкладчыкі чытаюць у ШМП асновы тэорыі паэзіі, прозы і мастацкага перакладу; методыка выкладання ставіць акцэнт на камунікацыі і падрабязным абмеркаванні вашых уласных тэкстаў і выкананых творчых заданняў з калегамі. Акрамя асноўнага курсу, навучэнцаў чакаюць майстар-класы і спецкурсы ад беларускіх літаратараў, лінгвістаў, выдаўцоў і мастакоў кнігі.

Навучанне ў ШМП будзе адбывацца з лістапада 2026 да пачатку чэрвеня 2027 году. Як правіла, заняткі праходзяць чатыры разы на месяц, па суботах. Навучанне — бясплатнае, дыстанцыйнае (online-сустрэчы). Таму краіна вашага пражывання не стане перашкодай — пішыце нам і падавайцеся!

Важна! Правілы афармлення заяўкі ў Школу

Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц — да 35 гадоў. Заяўка павіннa ўключаць:

1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ, пераклад, драматургія), альбо фрагмент твора, на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 3—10 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне: “Чаму я хачу паступіць у Школу маладога пісьменніка?”;
3) спіс з 5—10 кніг, якія паўплывалі на вас як на творцу.

Вашыя ўзоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню bellit.info@gmail.com разам (у адным файле) у фармаце .docx(.doc). Тэма электроннага ліста: Школа 2026—2027

На першай старонцы файла абавязкова пазначце сваё імя і прозвішча, дату нараджэння, і найлепшы спосаб хуткай сувязі. Файл назавіце наступным чынам —“вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя”, напрыклад: Kupala_Janka.docx

Заяўкі не рэцэнзуюцца. Асабістыя дадзеныя ахвочых паступіць (а таксама і прынятых на курс) з’яўляюцца непублічнай інфармацыяй. Прыём у Школу паводле конкурсу і абмеркавання журы, колькасць месцаў абмежаваная, адбор прэтэндэнтаў адбываецца паводле супольнай ацэнкі сябрамі журы кожнай індывідуальнай заяўкі. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена ў паштовай рассылцы на электронныя адрасы, пададзеныя ў заяўках.

Дэдлайн дасылкі заявак — 5 лістапада 2026 году. Залічаныя на курс Школы атрымаюць лісты з падцверджаннем на e-mail.

Поспехаў!