У Беластоку выйшла з друку кніга даследчыцы, магістаркі ў галіне аховы культурнай спадчыны Вольгі Сямашкі “Могілкі беларусаў Падляшша”.
Гэтае выданне аб’ёмам 700 старонак багата аздобленае ілюстрацыямі і здымкамі (амаль 400). У манаграфіі апісана больш за 30 могілак: праваслаўных, каталіцкіх, яўрэйскіх, татарскіх і інш. Аўтарка праз сімволіку і аздабленне магіл, інскрыпцыі, апытанні людзей шукае адказ, наколькі падляшскія могілкі, апісаныя ў кнізе, можна лічыць беларускімі, піша Радыё “Рацыя”.
“Гэтая кніга — не толькі навуковае даследаванне, але і мост памяці, які злучае беларусаў Падляшша (аўтахтонаў) з беларускай дыяспарай, што прыязджае жыць у рэгіён. Яна паказвае, як памяць пра продкаў і месцы пахавання становіцца асновай культуры і ідэнтычнасці”, — тлумачыць аўтарка.
Кніга “Могілкі беларусаў Падляшша” выйшла ў Беластоцкім выдавецтве, дзякуючы прыватным ахвяравання жыхароў Падляшша і збору на краўдфандынгавай платформе.








