Уладзіслаў Наважылаў прэзентуе новую кнігу на “Прадмове” ў Вільні

У выдавецтве Grunwald Publishing (Канада) выйшаў зборнік апавяданняў Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife) пра жыццё пасля турмы і эміграцыі, пра памяць, адчужэнне і спробу зноў адчуць сябе часткай рэальнасці з назвай “Непрытомнасць”.

У адным з апавяданняў герой апынаецца ў пустым савецкім доме, заходзіць у краму, дзе поўна прадуктаў, але няма ніводнага чалавека. Каб выйсці адтуль, ён мусіць расказаць верш. Знаёмы свет, у якім нешта незваротна змянілася.

Lesley Knife (Уладзіслаў Наважылаў) возьме ўдзел у фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які пройдзе 16–18 кастрычніка ў Вільні (поўную праграму гл. тут)

У суботу, 17 кастрычніка, а 20:00 аўтар “Непрытомнасці” разам з Аляксеем Дзікавіцкім пагаворыць пра рок-н-рол канца 80-х — пачатку 90-х, пра тое, што слухалі і гралі падлеткі на Палессі. Падчас фестывалю можна будзе набыць навінку і атрымаць аўтограф. Колькасць асобнікаў абмежаваная, папярэджваюць у выдавецтве.

17 кастрычніка
Пачатак у 20:00
Tautinių bendrijų namai, Raugyklos g. 25, Vilnius
Уваход вольны

А тыя, каго не будзе ў Вільні, могуць замовіць “Непрытомнасць” у інтэрнэт-кнігарні выдавецтва Grunwald.ca.

Уладзіслаў Наважылаў aka Lesley Knife — беларускі пісьменнік, рок-музыкант і эсэіст. Вядомы як сузаснавальнік Gods Tower, аднаго з найвядомейшых метал-гуртоў з Беларусі. Пакінуў Радзіму па прычынах палітычнага пераследу, зараз жыве і працуе ў Літве. Аўтар тэкстаў на мяжы аўтабіяграфіі, філасофіі і іроніі. Яго творчасць ахоплівае тэмы памяці, культурнага разлому, духоўнага блукання і гумару як формы выжывання. Не верыць у жанры, лічыць, што сучасная літаратура гэта і кпіны, і споведзь, і апошні ўздых перад чарговым пачаткам.