У электронным фармаце выйшла аповесць біблеіста і святара Сяргея Сурыновіча “Крушня”, якая расказвае пра тое, як вера без любові ператвараецца ў каменны склеп, а праведнасць — у татальны дэманізм.
“Хрыбет Станіславы выкаваны са сталёвага шомпала, а яе дом пахне вываранай вапнай і ідэальнай, стэрыльнай чысцінёй. Трыццаць гадоў яна рупліва будавала ўласную «святасць», упэўненая, што трымае варту перад Богам. Але гэты культ парадку патрабаваў чалавечых ахвяр: маўкліва загнаны ў магілу муж, замураваная яшчэ ў маленстве душа сына і ледзяная адчужанасць дачкі, — гаворыцца ў анатацыі. — Ці здолее жывая, грэшная плоць вырвацца з-пад завалаў уласнаручна збудаванай каменнай гары? І які ён на смак — горкі яблык сапраўднага чалавечага абуджэння?”
З водгукам Сяргея Дубаўца на аповесць “Крушня” можна азнаёміцца тут.
Сяргей Сурыновіч (псеўд. Яўген Бартніцкі, нар. 13 красавіка 1976, в. Лугамавічы, Івейскі раён) — беларускі біблеіст, доктар тэалогіі, святар рымскага абраду. Аўтар практычнай транскрыпцыі імён уласных і геаграфічных назваў з старажытнагрэцкай мовы.
Ад 2008 году Сяргей Сурыновіч пачаў працу па алічбоўванні ўсіх вядомых беларускіх перакладаў Бібліі. Валодае іўрытам, грэцкай, польскай, нямецкай, украінскай мовамі.
Дэбютаваў вершаванай містэрыяй для дзяцей «Батлейка» («Дыялог», 1998). Аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценнік» (1999), «Пакліканне» (2000). Больш за 50 публікацыяў у беларускім друку, вершы айца Сяргея друкаваліся ў часопісах «Дыялог», «Беларусь», у газетах «Наша слова», «Голас Радзімы», «Царква».






