У выдавецтве “Камунікат” пабачыла свет кніга “Тэхналогіі контррэвалюцыі” аўтарства Міколы Дзядка, падзяліўся ў сацсетках навіной былы палітвязень. Першыя прэзентацыі кнігі адбудуцца 24 кастрычніка ў Беластоку, 25-га ў Варшаве, а 7 лістапада ў Брэмене.
“У гэтай кнізе я пастараўся, наколькі мог рознабакова, разглядзець ўсё метады, сродкі і падыходы, якімі аўтарытарная дзяржава распраўляецца з грамадзянскай супольнасцю, пратэстам і самаарганізацыяй. У аднайменным эсэ я каталагізаваў і даў прыклады літаральна па ўсіх элементах гэтай разбуральнай працы: ад катаванняў да медыйных скандалаў. Ад адзіночных камер да распаўсюду чутак. Бо ва ўсіх у іх адна мэта — захаванне кантролю”, — тлумачыць аўтар.
Кніга напісаная на стыку публіцыстыкі і акадэмічных даследаванняў. Многае з таго, што выкладзена, Мікола Дзядок ніколі і нідзе не казаў раней.






