Выходзіць прыгодніцкі раман Аляксея Дзікавіцкага — перадзамова

У выдавецтве “Камунікат” неўзабаве выйдзе з друку новая кніга Аляксея Дзікавіцкага “Вяртанне Эльзы”. Аўтар паведамляў пра сканчэнне працы над гэтым творам у чэрвені 2026 году і вось цяпер навінку ўжо можна замовіць праз сайт Kamunikat.shop.

“«Вяртанне Эльзы» гэта не кароткія палескія гісторыі, вершы ці пераклады на палескую рок-хітоў, як у папарэдніх кніжках, гэта — прыгодніцкі раман”,тлумачыць аўтар у сацсетках.

Анатацыя:

“Усё пачалося з кахання, якое не магло стаць узаемным, а скончылася таямніцай, што перажыла амаль стагоддзе. Адама Шаламіцкага, беларуса, які жыве ў Варшаве, нечакана ўцягвае ў загадкавую гісторыю яго былая аднакласніца і першае каханне Эльза. У цэнтры гэтай гісторыі — страчаны куфар з сямейнымі каштоўнасцямі і палескі заклён, здольны спыніць старэнне таго, хто зможа выканаць яго ўмову. Пошукі праўды прымушаюць героя па-новаму паглядзець на ўласнае жыццё, каханне, родны горад і тое, што чалавек пакідае пасля сябе.

«Вяртанне Эльзы» — раман пра каханне, памяць і спакусу вечнай маладосці, у якім мінулае нечакана працягвае ўплываць на жыццё тых, хто жыве сёння”.

Першая прэзентацыях кнігі “Вяртанне Эльзы” мае адбыцца 26 верасня на Люблінскім кніжным кірмашы (Lubelskie Targi Książki). Далей Аляксей Дзікавіцкі спадзяецца на сустрэчы з чытачамі ў межах Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Pradmova” ў розных гарадах.