У новым выпуску аўтарскага падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец знаёміцца з раманам Змітра Вішнёва “Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зьміцер”. Фантасмагорыя, эміграцыя, палітыка, Менск—Берлін, смерці, паветра няволі і ўсе іншыя дзівацтвы тэксту паступова складаюцца ў пэўную мастацкую сістэму, а не набор выпадковасцяў, як магло падацца чытачу ад пачатку.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Адразу гэта нагадвае пра студэнцкія часы і тую прозу, якую мы называлі словам “джэм-сэшн” — па аналёгіі з вольнай джазавай імправізацыяй, і пісалі на нецікавых занятках па два-тры чалавекі разам. Пісалі па радку ў падбор, імкнучыся адзін аднаго зьдзівіць, азадачыць, расьсьмяшыць. Агульнае тло, сюжэты, героі не плянаваліся і ўзьнікалі проста зь ніадкуль. У нас гэта была даволі распаўсюджаная практыка, бо мы пачуваліся не чужымі для літаратуры людзьмі і так ці інакш заахвочвалі іншых. Натуральна, гэта ўсё былі неафіцыйныя захапленьні. Напэўна, сёньня іх назвалі б экстрэмісцкімі. Бо галоўная прычына і розьніца тых нашых практыкаваньняў была ў іхнай свабодзе — галоўнай на сёньня крамоле.
Вось жа падобнае ўражаньне я меў, разгарнуўшы апошні раман Зьмітра Вішнёва “Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зьміцер”. Кнігу адрозьнівае вычытанасьць тэксту, ягонае адзінства, прынцыпы стварэньня (напрыклад, варта камусьці пра кагосьці ўспомніць, як ён зараз зьяўляецца ў мізансцэне), цэльная вобразнасьць (я б назваў яе фізыялягічнай або кулінарнай) і поўная адсутнасьць правалаў, характэрных часта для сёньняшніх аўтараў. Застаецца дадаць, што ў аўтара надзвычай лёгкае пяро, і, здаецца, я ўжо апісаў сам стыль творчасьці гэтага аўтара. Нязьменнай застаецца свабода.
“Праз пагрозы я быў вымушаны застацца ў Нямеччыне і ў выніку апынуўся ў Бэрліне. Выехаўшы за мяжу, я пазбавіўся магчымасьці сустракацца зь сябрамі, якіх ведаў шмат гадоў. І чамусьці, як толькі я зьехаў, яны сталі паміраць, адзін за адным. Маё мінулае сьціралася незваротна.
У тыя часы я ўзвышаў сярод гарадоў Менск, за ім ішоў Бэрлін. І цяпер, праз шмат гадоў, беларуская хунта выпеставала ў мяне нянавісьць да першага горада. І потым я нечакана трапляю ў Бэрлін, які кажа „Guten Tag“ і выходзіць наперад“.
У іншым месцы аўтар апынаецца ў сваёй менскай кватэры і раптам знаходзіць, што ў ёй няма дзьвярэй, іх вынесьлі. Ствараецца моцны вобраз — кватэра, у якой скралі дзьверы і адчуваньні гаспадара, які ўрэшце знаходзіць тыя дзьверы на сьметніку. Яны проста нікому не патрэбныя, як нікому не патрэбная тая кватэра і галоўнае — нікому не патрэбны сам аўтар…
***
Пачынаюцца блуканьні ў тунэлях капсулы часу пад Бэрлінам. Гэтых тунэляў, што рабіліся з мэтай уцёкаў ад гэдээраўскага сацыялізму, аказваецца, вельмі шмат. Там і цяпер можа сустрэцца небясьпека, напрыклад, афіцэр Штазі — нямецкай палітычнай паліцыі. Вішнёў знаходзіць там сваіх памерлых сяброў і мноства іншых герояў, як казачных, так і пэрсанажаў жывёльнага сьвету, намаляваных ці каменных, але пры тым жывых помнікаў, якія дзейнічаюць, гавораць, зьмяняюцца ў памерах, ператвараюцца ў нешта іншае альбо зьнікаюць.
Вось аўтар сустракае Сержа Мінскевіча, які каранямі аказваецца зьвязаным з вэпсамі, а сваяцкімі сувязямі — з Чынгісханам. “Сябра сапраўды меў яркую зьнешнасьць: трошкі раскосыя цёмныя вочы, шырокія скулы”.
Яшчэ адзін герой — мастак Алесь Родзін… Зрэшты, ці варта называць усіх герояў, якіх у рамане вялікае мноства і сустрэча зь якімі можа стаць радаснай або нечаканай. Ёсьць сярод герояў і сам Вішнёў, нават шмат копіяў Вішнёва, якія, пры тым што копіі, паводзяць сябе зусім па-рознаму. Раптоўна згадваецца і маці Вішнёва.
“Першае слова часам бывае самым важным. Першае ўражаньне, бывае, з табой жартуе. Першая старонка ў кнізе зацягвае ў тэкставы вір альбо адштурхоўвае. Першае каханьне. Першая чарка. Першае злачынства. А ці бывае сьмерць першай?
І тут я пачуў голас…
Гэта была мама, якая ўжо як два гады пакінула гэты сьвет.
(Побач з гандлёвым цэнтрам Гезундбрунэн я часта сустракаў немку — сівую бабулю, якая да непраўдападобнасьці нагадвала маму. У такія моманты я думаў, што гэта мама мне дасылае весткі. Я лічыў, што яна спускаецца зь неба, бо непакоіцца за мяне.)
Мама была ў знаёмай кофце, у спартовых штанах, у якіх яна заўсёды перасоўвалася па доме і працавала ў агародзе. Яна глядзела на мяне з нейкім шкадаваньнем.
— Сыночак, я не магу доўга размаўляць. У мяне там каша прыгарыць.
І я не пасьпеў запярэчыць, як мама знікла. Я паспрабаваў сабрацца з думкамі, памасіраваў скроні. І чамусьці падумаў пра сьмерць Алеся Родзіна”.
***
Увогуле ўцямнае і нават трывіяльнае апавяданьне пачынае ператварацца ў фантасмагорыю. Трансфармацыі адбываюцца наступным чынам:
“Я пачаў нэрвавацца. Алесь не вяртаўся.
Я крыкнуў:
— Алесь!
Сябра не адгукаўся. Тады я пайшоў яго шукаць у суседні пакой.
Але насуперак маім спадзяваньням, я апынуўся на кухні ў літаратурным доме Вентспілса. Там каля пліты завіхаўся двухмэтровы паўнаваты чалавек.
Пахла прыгатаваным мясам, спэцыямі, часнаком. Чалавек павярнуўся — і я пазнаў паэта Улдыса Бэрзіньша.
— Ну, што стаіш, як ня свой? — праракатаў ён.
Я прысеў за вялікі стол.
Улдыс Бэрзіньш быў усьмешлівым рамантыкам, які ў творчасьці спалучыў хлапчуковае свавольства з глыбокай філязофіяй. Ён меў не толькі высокі рост, але і высакародную душу”.
Гаворка заходзіць пра тое, як аўтар гатуе рульку. Гэта рэцэпт.
“— Калі ласка, — сказаў я. — Замарынаваў у мядова-гарчычным настроі, дадаў пару лыжак радасьці, сем зубчыкаў сьмеху, жменю пацалункаў. І адправіў на дзьве гадзіны да эгіпэцкага бога Маахеса.
На стале зьявілася запечаная залацістая рулька.
— Я тое мяса, якое нядаўна гатаваў Зьміцер, — сказала яна”.
Дадаецца крыху палітычнай актуальнасьці. Зусім ня думаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, немагчыма.
“— Гэта мне нагадвае сытуацыю з вашым самаабвешчаным. Ён людзей успрымае за мяса, зь якога можна гатаваць рулькі, — сказаў Улдыс.
Рулька:
— У наш прафсаюз уваходзяць і чалавечыя рулькі — беларуская фракцыя самая вялікая.
— Ведаеце, Улдыс, што ён робіць з тымі, хто не мае працы? — сказаў я.
— Дапамагае, пэўна? — усьміхнуўся Улдыс.
Рулька:
— Ён нясе дармаедаў у мясны цэх!
Я патлумачыў:
— Ён залічвае беспрацоўных да ўласных ворагаў. Бо лічыць, што яны не маюць права карыстацца бясплатнай мэдыцынай. Беспрацоўных ён называе дармаедамі. Дармаед — гэта такі амаль зьвер, які есьць дармовы хлеб з рук дыктатара і таму мусіць сплочваць грошы. Дармаеды выдаткоўваюць у некалькі разоў болей за камунальны корм. Самаабвешчаны штодня імкнецца псаваць жыцьцё беларусаў — прыдумляе новыя віды катаваньняў”.
***
Тым часам у фэйсбуку Зьмітра Вішнёва зьявіўся такі допіс:
“Я і цяпер кантактую з некаторымі пісьменьнікамі, якія застаюцца ў Беларусі. Многія зь іх сьвядома цяпер не друкуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, але ёсьць і тыя, хто займае супрацьлеглую пазыцыю. Маўляў, нас няма за што вінаваціць — дзе ж нам цяпер друкавацца? І таму мы друкуемся ў дзяржаўных выдавецтвах, якія існуюць за дзяржаўны кошт.
Няхай і так — кожны мае свой выбар. Але ганарыцца гэтым і публічна нахвальваць выхад кнігі ў дзяржаўным беларускім выдавецтве цяпер выглядае як мінімум спрэчна.
Некаторыя аўтары, якія пайшлі да дзяржавы, раней выдаваліся ў «Галіяфах». І пагадзіцеся, вельмі дзіўна выглядае, калі такія людзі пішуць мне асабістыя паведамленьні і з гонарам расказваюць пра выхад кнігі ў выдавецтве «Беларусь». І гэта — пасьля таго, як у Беларусі зачынілі тыя ж «Галіяфы» і шэраг іншых незалежных выдавецтваў: «Тэхналогію», «Янушкевіч», «Кнігазбор», «Логвінаў», «Лімарыўс». Былі ліквідаваныя ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
І цяпер за кратамі знаходзіцца інтэлектуал, выдавец, перакладчык і пісьменьнік Зьміцер Колас.
І як мне рэагаваць на такія асабістыя паведамленьні? Радавацца разам з аўтарам яго «посьпеху»? А калі гэты аўтар яшчэ і публічна нахвальвае прыкарытнага чыноўніка — гэта ўжо зусім «хавайся ў бульбу». Я неяк паспрабаваў патлумачыць паняцьце прыстасаванства, на што атрымаў ляканічны адказ: «Ну і няхай»”.
***
Пісьменьніка абурае ня тое, што друкуюцца ў дзяржаўным выдавецтве, а тое, што ганарацца і выхваляюцца гэтым у той час, калі ўсё дзяржаўнае захопленае адной асобай, уведзеная жорсткая цэнзура, то бок адсутнасьць свабоды, зачыненыя незалежныя выдавецтвы, забароненыя кнігі, а прыстойныя працаўнікі літаратуры пасаджаныя ў турму.
І што, цяпер будзем з прапагандыстамі спрачацца, хто і што страціў, не заўважыўшы, што ўжо перайшлі на іхную мову як пра рэпрэсіі, так і пра эстэтыку. Калі сьціраецца мяжа паміж высакародзтвам і пустатой.
Вішнёў узьняў тэму, пра якую мала гаворыцца — адчужэньня беларусаў ад беларускай літаратуры. Людзі быццам не заўважаюць, як зьнікае адусюль беларуская мова, як у візуальнай прасторы Беларусь ужо мала чым адрозьніваецца ад Расеі, як узровень “дзяржаўнай” беларускай літаратуры заніжаецца да правінцыйнага і зусім не цікавага сьвету.
Гэта вынік агульнае турмы, адсутнасьці свабоды. Адносна вольны час у літаратуры быў зь сярэдзіны 1980-х і ў 1990-я. У 1991-м Зьміцер Колас выдаў томік Жана Поля Сартра з маёй прадмовай, у дзяржаўным выдавецтве, якое яшчэ не належала дыктатару. Гэта была сапраўдная літаратурная падзея. У 2005-м Колас выдаваў творы Альбэра Камю, таксама з маёй прадмовай і таксама ў дзяржаўным выдавецтве, якое запатрабавала, каб я падпісаўся псэўданімам. Тады мы глядзелі на гэта як на глупства. Цяпер жа гэта ўвогуле немагчыма: ні Сартра, ні Камю, ні мяне, ні Коласа выдаць у прынцыпе немагчыма. Падумайце, а што магчыма? Вось у чым пытаньне. У тым, што з жывога засталося і ў вартасьці гэтых выданьняў. Чым тут ганарыцца, калі гэта працуе на зьнішчэньне нашай культуры — найперш сваім нізкім літаратурным узроўнем. І гаворка тут пра ўсю беларускую культуру.
***
“Шмат гадоў таму, калі я працаваў у менскім Доме літаратара, мне часта даводзілася займацца нябожчыкамі. Пісьменьнікі мерлі як мухі, бывала штотыдзень…
Самым жахлівым было для мяне завязваць рукі памерлага, бо чамусьці нехта з кіраўніцтва Саюза пісьменьнікаў прыдумаў, што гэта абавязкі літаратурнага кансультанта”.
Мэмуарныя фрагмэнты ў рамане Вішнёва чаргуюцца з размовамі з Джойсам і з Букоўскі. Джойс разважае пра тое, калі скончацца войны і як выратаваць сьвет.
“Раптам з-за джойсаўскай канапы вылез фіялетавы гном — відавочна, ён хаваўся там увесь час і слухаў нашы размовы. «Вось зачынілі ў цябе выдавецтва, — сказаў гном. — Чаму ты не вярнуўся назад у Беларусь? Беларуская турма — гэта ж амаль аўтэнтычная гулагаўская камэра»”.
На пытаньне Родзіна, ці адаптаваўся ён у Нямеччыне, Вішнёў кажа:
“— Ні халеры, — шчыра прызнаўся я. — Праблемы шараговага немца адрозьніваюцца ад беларускіх. Мы, у адрозьненьне ад немцаў, заўсёды пад побытавым прэсам. Ды пра што казаць, мы — паднявольныя людзі ў сініх пальцах узурпатара. У немцаў думкі пра футбол, піва і бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. Нармальныя чалавечыя жаданьні. У беларусаў адно — як бы зьбегчы ў лес.
— Так-так. Партызаншчына — гэта паветра, якім мы дыхаем, — пагадзіўся Алесь”.
Даволі ляканічна выглядае і створаная з гэтай фразы мэтафара пра тое, што цяперашні кіраўнік “вярнуў у Беларусь паветра няволі”. У іншым месцы яна падаецца як гісторыя і як вобраз:
“Пакуль зразумела, што ў цэнтры балота пасяліўся Прыхадзень — гэта такі лупавокі шэры вадзянік, які прыйшоў сюды з далёкага мора. Яго аніхто не чакаў і аніхто не клікаў. Ён і не пытаўся. Заваліўся, як быццам да сваёй хаты. І цяпер сядзіць тут, у цэнтры, і толькі пачуе, як нехта закрумкаў, адразу выкідае свой раздвоены даўгі язык, і хапае таго небараку, і глытае”.
Усе фантазіі і дзівацтвы паступова складаюцца ў адно цэлае і ты бачыш пэўную мастацкую сыстэму, а не набор выпадковасьцяў, як магло падацца ад пачатку.






