Выйшла кніга, што расказвае пра мастацтва праз катоў

Мастачка Юлія Стратовіч выпусціла беларускую версію ўласнай кнігі “Cat Art Story. Ад першабытнага мастацтва да сімвалізму”, якая дапамагае дзецям і дарослым у лёгкай, гульнявой форме пазнаёміцца з вядомымі творамі сусветнага мастацтва, піша “Рэформ”.

Гэта двухмоўная кніга для дзяцей 5–12 гадоў. На кожнай старонцы чытачы знойдуць апісанні па-ангельску і па-беларуску, а таксама выявы здабыткаў мастацтва ад наскальных малюнкаў да твораў эпохі сімвалізму ў арыгінальнай і кацінай версіях. Кніга расказвае пра мастацкія стылі і прапаноўвае дзецям выканаць інтэрактыўныя заданні для большай уцягнутасці.

Беларуска-ангельскае выданне “Cat Art Story”, гэта ўжо трэцяя версія кнігі. Раней выходзілі гішпанская і польская версіі (таксама двухмоўныя).

Над беларускамоўнай кніга працавалі таксама: рэдактарка Аліна Мрый і дызайнерка Наста Кавальчык.

Юлія Стратовіч нарадзілася ў Беларусі ў сям’і мастакоў. З ранняга ўзросту яна была акружана мастацтвам і пачала маляваць жывёл — тэма, якая суправаджае яе творчасць да сёння. Юлія жыве ў Варшаве, дзе некалькі гадоў кіравала ўласнай галерэяй і працягвае рэгулярна прадстаўляць свае працы ў Еўропе. Акрамя мастацкай практыкі, якая ўключае жывапіс, інсталяцыі і кіно, яна таксама арганізуе лекцыі па гісторыі мастацтва.

Набыць кнігу можна на міжнароднай платформе Amazon.com.