Лірычна, вяснова і ўтульна — красавіцкі паэтычны тур Насты Кудасавай

Наста Кудасава і выдавецтва “Камунікат” наведаюць Беласток, Вільню, Рыгу і Талін з прэзентацыямі новай кнігі “Лірыка”. Гэты зборнік — сёмая паэтычная кніга аўтаркі і трэцяя з выдадзеных у эміграцыі. “Лірыка” і стане адным з галоўных пунктаў размовы.

Падчас сустрэчы паэтка раскажа:
– пра новы зборнік
– пра эмігранцкі боль і аптымізм
– чаму яе вершы важна чытаць уголас
– чым адрозніваецца вясна на радзіме ад вясны ў эміграцыі

Не абыдзецца таксама без згадкі пра гдыньскія пончыкі…

Сустрэчы ладзяцца ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Расклад сустрэчаў:

23.04. чацвер / 18:00 / Беласток
Беларускі Хаб «Новая зямля»
ul. Św. Rocha 5 lok. 32, Białystok

24.04. пятніца / 18:00 / Вільня
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча
Vilniaus g. 20, Vilnius

25.04. субота / 15:00 / Рыга
Дом Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі
Slokas iela 37, Riga

26.04. нядзеля/ 14:00 / Талін
Pärnu mnt, 6, Tallinn

На кожнай прэзентацыі працавацьме кропка продажу кнігарні “Kamunikat.shop”. Можна будзе набыць шэраг навінак ад Камуніката!

Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак беларускай сучаснай літаратуры. Спалучае вернасць класічнай форме з адважнай вобразнасцю і моватворчасцю. Аўтарка сямі паэтычных кніг: «Лісце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021), «Я працягваю» (2023), «Побач» (2023), «Лірыка» (2026). Лаўрэатка прэміі «Кніга года – 2016», Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова (2021), прэміяў «Гліняны Вялес» і імя Наталлі Арсенневай за кнігу «Побач».

Нарадзілася ў Рагачове, жыве ў Гдыні (Польшча).