У выдавецкай ініцыятывы “Сурма” — навінка: дэбютны раман Яны Гульцяевай “Linea lateralis”. Кніга выйшла ў межах супрацы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў з выдавецтвам Kamunikat.
У 2024 годзе аўтарка была адзначаная дадатковым прызам Літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”, прымеркаванага да 100-годдзя Васіля Быкава. Рукапіс быў дапрацаваны, прайшоў прафесійную рэдактуру і нарэшце з’яўляецца друкам. “Сямейная сага, сацыяльна-псіхалагічная драма, замалёўкі-ўспаміны, эмігранцкі плач па страчаным доме, дзе разбіваліся сэрцы, дзе ніколі не жыло шчасце… ці ўсё ж такі жыло?” — гаворыць анатацыя. Карыстаючыся момантам, рэдакцыя звярнулася да Яны Гульцяевай з некалькімі пытаннямі, якія крыху прачынілі б дзверы ў ейны творчы метад.
— Колькі часу заняла ў вас праца над раманам?
— Падлічым. Я пачала яго пісаць, здаецца, у 2019 (а думаць яго і адчуваць — мо ў 2009?). Тады напісалася ўсяго старонак дваццаць, якія я неўзабаве адаслала разам з заяўкай у Школу маладога пісьменніка, адвучылася ў ёй, але больш да рамана не вярталася. Паміж 2019 і 2023 (годам, калі я такі села за працу адказна: усё, буду пісаць кожны дзень хоць патрошку) здарылася ўсё тое, што абсалютна не спрыяе ментальнай раўнавазе, неабходнай, прынамсі мне, для працы над вялікай прозай: палітычная сітуацыя ў Беларусі, імклівае развіццё падзеяў у асабістым, што называецца, жыцці, эміграцыя ў краіну, у якой я ніколі раней не бывала і мовы якой не ведала, адаптацыя і інтэграцыя, вайна і бясконцыя рэпрэсіі, і балючае ўсведамленне прорвы паміж намі — тымі, хто раней быў адно аднаму зразумелым, блізкім і надзейным. Кніга амаль не звязаная з актуальнымі падзеямі, што таксама не дапамагала: трэба было абстрагавацца ад рэчаіснасці, а я ў гэтым спецыялістка не вялікая. Калі Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў конкурс рукапісаў да стагоддзя Васіля Быкава, падумала, што гэта знак: цяпер — альбо ўжо ніколі, у іншым жыцці. Наіўна ўявіла, што за чатыры месяцы змагу дапісаць тое, чаго не магу напісаць ужо пяты (ці пятнаццаты) год. Натуральна, не дапісала. Рукапіс прынялі ў тым выглядзе, у якім ён быў, і шчодра (спагадліва? даверліва?) адзначылі дадатковым прызам: як дапішаце — дапаможам адрэдагаваць і выдаць. Так яно і адбылося. Дапісала роўна за год. Удзячная, што прапанова заставалася ўвесь гэты час актуальнай. Удзячная, што нават усе мае планы-пажаданні адносна “выгляду і напаўнення” кнігі (падміргваю-заахвочваю: там канцэпт і пэўная міждысцыплінарнасць) былі прынятыя і рэалізаваныя.
— Пра што вы хацелі расказаць у кнізе, калі пачыналі пісаць, і што з гэтага атрымалася, а што не?
— Буду шчырай. Хаця задума нарадзілася даўно, сапраўдная патрэба зрабілася невыноснай на прасторавай і часавай адлегласці. Некаторыя выказванні беларусаў мяне трыгерылі больш, чым іншыя.
Першае з іх: “Другі (трэці, чацвёрты) год у эміграцыі, і, папраўдзе сказаць, я больш не сумую па краіне, няма па чым сумаваць, ну, хіба што па шчаслівым, бестурботным дзяцінстве”. А калі ты і па дзяцінстве сваім сумаваць [светла] не можаш?
Другое: пытанне сямейнага гвалту. З таго, што ведаю, бачу я: ахвяра — проста той, хто аказваецца побач; не заўсёды, не выключна жанчына; гвалтаўнік — не выключна мужчына.
Трэцяе: школа як месца небяспекі і прычына бед, а дом — ціхая гавань. Часта, але таксама не заўсёды.
Чацвёртае: дзяўчынка, падлетак, дзяўчына. “Из чего же, из чего же, из чего же” ўсё ж такі зробленыя нашыя дзяўчаты, жанчыны, будучыя мамы? Гэтае пытанне мне ўвогуле падаецца адным з найважнейшых у сацыяльным, палітычным, этычным плане.
Ну, і пятае: быкаўскі “афганец” не даваў мне спакою!
У цэлым, я сказала ў гэтай першай кнізе ўсё, што хацела і як хацела сказаць. Вялікай складанасцю быў пошук голасу апавядальніцы, адпаведнай інтанацыі: з’явілася Фло — і працэс пайшоў. Але што ў мяне дакладна не атрымалася, дык гэта напісаць інструкцыю па выжыванні. У “цывілізаваных” краінах у канцы кніг на такую тэматыку пакідаюць кантакты арганізацый падтрымкі і нумары тэлефонаў даверу — я так зрабіць не змагла з вядомых прычынаў. І не ўпэўненая, што падлеткі — мэтавая аўдыторыя кнігі. У гэтым, магчыма, ейны мінус.
Іншым мінусам, мажліва, ёсць ейны аб’ём. Я добра ведаю пра “пішы, скарачай”, і спадар рэдактар указваў прынамсі на дзве сцэны, якія можна было б, на ягоную думку, перамясціць і/ці скараціць. Пад сваю адказнасць я іх пакінула. Бо пісала і разумела, што да гэтых тэмаў, гэтых герояў, гэтых мясцінаў, гэтага перыяду я больш не вярнуся. Мне важна было не абмяжоўваць сябе ў пошуках “шчасця ў дзяцінстве”: а раптам абмяжуешся — і не заўважыш істотнага?
— На тытуле пазначана “кніга першая”. Ці думаеце вы ўжо наконт працягу і што ў ім мяркуецца паказаць?

— Працяг заяўлены, і яму, безумоўна, быць — хаця б у імя справядлівасці, раўнавагі. Спачатку я планавала ўсё ўмясціць у адной кнізе, але хутка ўбачыла, што не атрымаецца, дый так лагічней. У другой кнізе — як сказаць без спойлераў? — кожны з галоўных герояў пакажа сябе з абсалютна іншых, нечаканых бакоў, а адной з галоўных праблематык — пра гэта давайце наўмысна паспойлерым — будзе “аборт: рабіць альбо не рабіць?”. Некаторыя адным допісам на фэйсбуку, аднім каментаром хацелі б усіх жанчын свету навучыць, як жыць, але ж… але ж далёка не “из цветочков и звоночков, из загадок-мармеладок” зробленыя жанчыны.
Карыстаючыся нагодай, выкажу нясмелае пажаданне: я была б бязмежна ўдзячная, калі б гэтае “інтэрв’ю” засталося “эксклюзіўным”. Першую кнігу мне не хочацца, не можацца і не бачыцца патрэбным каментаваць дадаткова. А вось пра другую я, пры запыце, пагутарыла б вальней. Спадзяюся на разуменне і яшчэ раз выказваю шчырую падзяку МСБП за тое, што “Lіnea lateralis” пабачыла свет.
Кнігу “Linea lateralis” ужо можна набыць у інтэрнэт-кнігарні Kamunikat.shop, а таксама на ўсіх імпрэзах і кніжных івэнтах, дзе ўдзельнічае выдавецтва.
Яна Гульцяева — перакладчыца, скончыла аддзяленне паланістыкі філалагічага факультэта БДУ ў 2017 годзе. Адна з пераможцаў конкурсу апавяданняў “10+10: Мінск” (2018), выпускніца Школы маладога пісьменніка (2020). З 2021 году жыве ў Францыі, перакладае беларускую і французскую паэзію, кароткую прозу і драматургію.






