На кніжным кірмашы ў Варшаве прэзентуюць кнігу пра Бабарыку

У новым эмігранцкім выдавецтве “Сведкі” выйшла кніга Сабіны Брыло “Дело Виктора Бабарико”. Прэзентацыя выдання адбудзецца ў Варшаве ў межах Міжнароднага кніжнага кірмаша 31 траўня. У сустрэчы возьме ўдзел галоўны герой кнігі Віктар Бабарыка, а таксама ягоная адвакатка Наталля Мацкевіч.

Кніга Сабіны Брыло — хроніка зламыснага пераследу Віктара Бабарыкі, што разгортваецца на фоне сістэмнага знішчэння ў Беларусі свабоды слова, сходаў, права на абарону і справядлівы суд. Аўтарка дзень за днём аднаўляе драму — ад моманту рашэння Бабарыкі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 году і да наступных выбараў у студзені 2025-га. Змест кнігі — па сутнасці, гістарычная рэканструкцыя — грунтуецца на адкрытых крыніцах, аўтарскіх інтэрв’ю, архівах, матэрыялах праваабарончых арганізацый і ўнікальных дакументах, прадастаўленых адвакатамі галоўнага героя.

Цяпер даступнае да пакупкі выданне на расейскай мове. Але ўжо вядзецца праца над перакладам кнігі на беларускую мову, які мае выйсці ў верасні 2026 году. Перадзамовіць беларускамоўную версію можна праз сайт Allegro.pl.

31 траўня
Пачатак у 13:00 (Forum B)

На сустрэчы ў Варшаве размова будзе прысвечаная гісторыі Віктара Бабарыкі, палітычнаму пералому 2020 году, механізмам рэпрэсій супраць беларускага грамадства, а таксама ўнутранай сіле чалавека, які, нягледзячы на турму і гвалт, застаўся ўвасабленнем грамадзянскай годнасці і мужнасці.

Звяртаем увагу, што сёлета Варшаўскі міжнародны кніжны кірмаш, які традыцыйна праводзіўся ў “Палацы навукі і культуры” мяняе лакацыю: стэнд з кнігамі беларускіх выдаввецтваў “Вольная Беларусь” (11/D5) будзе працаваць на стадыёне PGE Narodowy (al. Księcia Józefa Poniatowskiego 1, 03-901 Warszawa).