Выдавецтва Gutenberg Publisher анасавала выхад зборніка эсэ журналісткі Алены Германовіч “Страшна і смешна”. Кніга мае выйсці 20 красавіка, але замовіць навінку можна проста цяпер праз сайт выдавецтва.
“Калі вы спазналі ўсю жорсткасць і жахі жыцця і здолелі не закрычаць, схапіўшыся за галаву, а кпліва засмяяцца — вы Алена Германовіч. Яна такая. Чытаючы кнігу, ты нібыта брыдзеш са звычайнымі, нікому апрача аўтаркі не цікавымі людзьмі па пакручастым шляху проста да далягляду, і вы ўсе разам — выпадковыя спадарожнікі жыцця. Падарожнікі ў даліну. Але па дарозе можна ж расказаць адно аднаму і страшнае, і смешнае. Кніга надзіва чалавечная, як усмешка стомленага — “заўсёды ў гэтым свеце ў кожнага ёсць больш важныя справы, чым ты”. Чытала не адрываючыся”, — гэтак выказалася па прачытанні зборніка пісьменніца Святлана Курс.
Алена Германовіч — беларуская журналістка. Нарадзілася ў вёсцы Раднікі Валожынскага раёна, жыла ў Гомелі, на час выхаду кнігі жыве ў Польшчы. Шмат гадоў жыцця прысвяціла расследаванням, гучным крымінальным і судовым справам, абароне тых, хто не можа сам абараніцца. Пранікала ў розныя месцы і трапляла ў розныя сітуацыі, пісала аўтарскі праект па падарожжах па маленькіх вёсках — рабіла тое, што любіла і ўмела, і тое, што напаўняла сэрца.






