Выдавецтва “Папуры” выпусціла з друку адразу дзве навінкі: “Трыумфальную арку” Эрыха Марыі Рэмарка і “Як заваёўваць сяброў і ўплываць на людзей” Дэйла Карнэгі.
Абедзве кнігі друкуюцца ў беларускім перакладзе ўпершыню і набыць іх пакуль што можна толькі на стэндзе выдавецтва “Папуры” і кнігарні “Параграф 45” на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы.
Культавы раман Эрыха Марыі Рэмарка, які ўпершыню выйшаў у 1945 годзе, апавядае пра жыццё нямецкага хірурга-ўцекача, які жыве без дакументаў і хаваецца ад нацыстаў, а таксама пра ягоны рамана з акторкай Жаан Маду ў перадваенным Парыжы (1938–1939).
Перастварыла па-беларуску твор Вольга Баранавец-Янковіч, а рэдагавала Вольга Гронская.
Кніга “Як заваёўваць сяброў і ўплываць на людзей” Дэйла Карнэгі (1936) — класічны дапаможнік па эфектыўнай камунікацыі, уяўляе сабой збор практычных парад і жыццёвых гісторый. Аўтар шырока карыстаецца цытатамі вядомых паспяховых людзей і выкарыстае ў якасці прыкладаў досвед сваіх вучняў, сяброў і знаёмых.
Пасля завяршэння кніжнай выставы-ярмаркі шукайце кнігу ва ўсіх кнігарнях і маркетплэйсах Беларусі.






