“Пфляўмбаўм” запрашае аўтарак да ўдзелу ў анталогіі пра Чарнобыль — конкурс

Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС выдавецтва “Пфляўмбаўм” абвяшчае open call тэкстаў для анталогіі пра Чарнобыль, піша пісьменніца і ўкладальніца будучай анталогіі Вольга Касцюк у Facebook.

“Для адных Чарнобыль — гэта экалагічная катастрофа, для другіх — міграцыя, для трэціх — Чарнобыльскі шлях і барацьба за свабоду. Чарнобыльскую зону можна разглядаць не толькі як тэрыторыю з правам на адсяленне ці на штогадовае аздараўленне ў санаторыях, але і як трагічна і прымусова страчаную радзіму ці, наадварот, зону ізаляцыі ад іншага (незабруджанага / здаровага / дэмакратычнага / свабоднага?) свету. Васіль Быкаў называў Чарнобыль трагедыяй, якая паказала сапраўдную цану хлусні. У “Чарнобыльскай малітве” Святланы Алексіевіч Лена М. з Кыргызстана называе Чарнобыль сваім домам і радзімай.

Што для вас Чарнобыль? Які ён? Пра што ён? За што ён?” тлумачаць арганізатаркі конкурсу выбар і важнасць тэмы.

Беларускім аўтаркам прапануецца напісаць празаічны тэкст аб’ёмам да 15 000 знакаў (мастацкі, нон-фікшн або гібрыдны) на тэму Чарнобыля.

Дасылайць свае прапановы (чарнавікі, ідэі, планы) разам з кароткай біяграфіяй можна на электронную пошту antalohija@gmail.com да 10 красавіка.

У выніку адбору ў аўтарак будзе два месяцы на напісанне гатовага тэксту. Тэксты-пераможцы будуць уключаныя ў анталогію пра Чарнобыль, якая мае выйсці ў выдавецтве “Пфляўмбаўм” да канца 2026 году. Аўтаркам тэкстаў прадугледжаны ганарар.

Загалоўнае фота Michael Kötter / Flickr. Коні ў Чарнобыльскай зоне адчужэння на фоне ахоўнага саркафага