Восем дзесяцігоддзяў не існуе знакамітага Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, аднак ягоныя фонды, расцярушаныя паміж архівамі Літвы і Беларусі, дагэтуль захоўваюць свае таямніцы. Беларускай даследчыцы ўдалося разблытаць адзін гістарычны клубок і вярнуць сапраўдныя імёны беларускіх дзеячаў партрэтам, якія дзесяцігоддзямі памылкова прыпісваліся іншым людзям або заставаліся ананімнымі, піша “Наша Ніва”.
Уяўляеце сітуацыю, калі дзесяцігоддзямі са старонак падручнікаў, энцыклапедый і сайтаў на вас глядзіць зусім не той чалавек, чыім імем падпісаны партрэт? Гісторыя са знакамітым фотаздымкам Каруся Каганца — яскравы прыклад таго, як нараджаюцца гістарычныя міфы, калі даследчыкі забываюцца на першакрыніцы.
Падрабязнасці гэтага гістарычнага дэтэктыва раскрыла кандыдатка гістарычных навук Вольга Іванова ў артыкуле “Фотаархіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні”, апублікаваным у альманаху “Аўтограф”.
Вядомы Беларускі музей у Вільні, які дзейнічаў з 1921 па 1945 год, быў сапраўднай скарбонкай нацыянальнай памяці. Сярод тысяч экспанатаў там захоўваўся ўнікальны фотаархіў, які налічваў каля дзвюх тысяч адзінак. Пасля ліквідацыі музея савецкімі ўладамі гэты неацэнны збор напаткаў тыповы для нашай спадчыны трагічны лёс — яго бязлітасна разадралі на кавалкі.

Сёння большая частка тых фотаздымкаў (1244 адзінкі) знаходзіцца ў Літоўскім нацыянальным музеі, астатняе раскідана паміж Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) і Нацыянальным гістарычным музеем у Менску. Лагічнага падзелу не існавала: фатаграфіі размяркоўваліся літаральна наўздагад, часта без захавання старой нумарацыі. Доўгі час гэтыя выявы ляжалі неапазнанымі або атрыбутаванымі з грубымі памылкамі і недакладнасцямі.

І толькі цяпер даследчыца прапанавала метад, які дазволіў праліць святло на цёмныя плямы. Ключом да разгадкі сталі арыгінальныя інвентарныя кнігі Віленскага музея, складзеныя ў свой час Уладасам Дрэмам і Пётрам Сергіевічам. Параўнаўшы дакладныя даваенныя апісанні з тым, што сёння ляжыць у менскіх і віленскіх тэчках пад цэтлікамі “невядомы”, удалося зрабіць шэраг сапраўдных адкрыццяў.
Чалавек у каракулевай шапцы
Самая важная знаходка даследчыцы звязаная з асобай Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага) — стваральніка “Моднага шляхцюка”, мастака і мовазнаўца. Калі вы сёння ўведзяце ягонае імя ў пошукавік, то абавязкова пабачыце прыгожае каляровае фота мужчыны са строгім позіркам у цёплым паліто і характэрнай каракулевай шапцы. Здымак растыражаваны ў навуковых выданнях і СМІ менавіта як партрэт Каганца. Ніякіх падазрэнняў ён не выклікаў, бо менавіта так і мусіць выглядаць прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду Кастравіцкіх.

Аднак даследчыца выявіла, што ў старой інвентарнай кнізе Беларускага музея пад нумарам 7051 чорным па белым запісана: “Партрэт-бюст Вячаслава Багдановіча ў каракулевай шапцы”.
Вячаслаў Багдановіч быў рэлігійным і палітычным дзеячам, сенатарам міжваеннай Польшчы і паслядоўным змагаром за правы беларусаў, які арганізаваў у Вільні незалежны праваслаўны прыход. Увосень 1939 года яго арыштаваў НКУС, пасля чаго ён бясследна знік, імаверна, быў расстраляны ў Вілейскай турме.

Як жа сенатар Багдановіч ператварыўся ў пісьменніка Каганца?
Варта разумець, што супрацоўнікі Віленскага музея былі сучаснікамі тых людзей, чые фотаздымкі яны збіралі, і добра ведалі іх у твар. Таму ў арыгінальных інвентарах блытаніны не магло быць.
Калі ж частка фотаархіва былога Беларускага музея ў Вільні трапіла ў БДАМЛМ, супрацоўнікі, пазбаўленыя доступу да арыгінальных віленскіх інвентароў, апісвалі здымкі на вока.

Многія фота атрымалі безаблічныя назвы накшталт “Фатаграфія мужчыны ў фрэнчы” (так апісалі партрэт К. Шпакоўскага). А ў выпадку з Багдановічам нехта з архівістаў, не ведаючы ні яго, ні Кастравіцкага ў твар, чамусьці памылкова вырашыў, што гэта Карусь Каганец.
У савецкім вопісе насупраць яго прозвішча так і з’явілася: “Фатаграфія Каруся Каганца”. Так утварыўся гістарычны фэйк, які пайшоў у народ.
Партрэт археолага Татура
Яшчэ адной цікавай знаходкай сталі фотаздымкі Генрыха Татура. Гэты чалавек з’яўляўся ці не галоўным менскім антыкварам, гісторыкам і археолагам канца XIX стагоддзя. Ён раскопваў сотні курганоў, склаў археалагічную карту Менскай губерні і сабраў фантастычную прыватную калекцыю старажытнасцяў, частка якой пасля яго смерці трапіла да братоў Луцкевічаў. Пры ўсім гэтым лічылася, што ніводнай фатаграфіі самога Татура не захавалася.

Вольга Іванова знайшла яго ў архіве Літоўскага нацыянальнага музея. Там захоўваўся здымак, пазначаны проста як “невядомы мужчына з барадой”. Паралельна ў менскім архіве знайшоўся тэкставы запіс пра фота “Генрык Ташынур. Менскі археолаг. Бюст”.
Даследчыца супаставіла факты і зразумела, што міфічны “Ташынур” — гэта проста памылка прачытання, нехта не разабраў почырк. Абапіраючыся на сукупнасць даных, удалося ідэнтыфікаваць таго самага “невядомага з барадой” — гэта і ёсць Генрых Татур.

Дарэчы, побач з гэтым здымкам у музеі захоўвалася яшчэ адно фота, дзе зафіксаваны манекен рыцара ў поўных даспехах з гербам Радзівілаў на грудзях. Як вядома з мемуараў, менавіта такі ўнікальны панцыр стаяў у кватэры-музеі Татура ў Менску па Лагойскім завулку, 8.
Партрэт паўстанкі
Скрупулёзная праца з інвентарнымі кнігамі вярнула гістарычны кантэкст і іншым здымкам.
Так, звычайная “фатаграфія жанчыны ў цёмным адзенні з кніжкай у руках” аказалася сапраўдным партрэтам Камілы Дунін-Марцінкевіч.

Дачка класіка была не проста таленавітай піяністкай, але і ўдзельніцай паўстання 1863 году. Яна вучыла мінскую моладзь рэвалюцыйным гімнам, за што была кінута ў псіхіятрычную бальніцу, а пасля сасланая ў Салікамск.
Яе аўтэнтычны здымак, як і многія іншыя, проста згубіўся пад безаблічным архіўным апісаннем.

Раней быў вядомы групавы фотаздымак менскай інтэлігенцыі, зроблены ў пачатку 1863 году ў фотамайстэрні Антонія Прушынскага ў Менску. На гэтым здымку ёсць таксама Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкою Камілай.
Праўда, групавы здымак вядомы толькі па нізкаякаснай публікацыі ў кнізе Генадзя Кісялёва “Героі і музы” 1982 году і ніколі не публікаваўся ў добрай якасці.




