У Кракаве пройдзе творчая сустрэча з Максімам Знакам

2 сакавіка ў Доме беларускай дыяспары Кракава “Прастора” (ul. Mikołajska 4/6, 2 паверх) адбудзецца сустрэча з пісьменнікам і юрыстам Максімам Знакам.

Максім Знак — адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі «Зэкамерон». У 2020 годзе ён быў адвакатам Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, але ў верасні таго ж года быў затрыманы і асуджаны на 10 гадоў зняволення.

З 9 лютага 2023 года знаходзіўся ў статусе інкамунікада, цалкам пазбаўлены сувязі з адвакатамі і членамі сям’і. 13 снежня 2025 года, разам з вялікай групай палітзняволеных прымусова вывезены з Беларусі ва Украіну. Жыве ў Польшчы.

“Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. 100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваныя на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека вытрымліваць прыгнёт”, — так пісала брытанская крытыка пра кнігу Максіма Знака, якая ўвайшла ў кароткі спіс прэміі Republic of Consciousness Prize.

На дадзены момант «Зэкамерон», напісаны ў першы год зняволення, выдадзены на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, шведскай і дацкай мовах.

З самага юнацтва Максім Знак піша вершы і тэксты для ўласных песень, з якіх пасля 2017 года запісаў 4 уласныя альбомы: «Казкі», «Гарады», «Ветразь» і «Мора». Не раз выступаў як бард, а ў 2018 годзе стаўся лаўрэатам фестывалю «Бардаўская восень», які адбываецца на Беласточчыне.

Падчас сустрэчы Максім раскажа пра сваю кнігу, падзеліцца ўспамінамі пра час яе напісання і адкажа на пытанні. Прагучаць старыя і новыя песні.

Пачатак а 20:00
Уваход вольны

Сустрэча ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.