Выходзіць пераклад з нямецкай паэзіі Анны Мендлік

На Міжнародным паэтычным фестывалі “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова, які пройдзе ў Варшаве, 15 лютага выдавецтва Skaryna Press прадставіць зборнік вершаў сучаснай нямецкай паэткі Анны Юліян Мендлік.

Для зборніка выбраныя вершы з ейных трох кніг: “Між траскатлівых кропак“, “Дваістыя выявы“ і “Плэйбокс Пандоры“, — пераклаў Ігар Крэбс, падзяліліся навіной у выдавецтве.

Cустрэча з паэткай Аннай Юліян Мендлік (Берлін, Германія) і прэзентацыя яе кнігі “Плэйбокс Пандоры” адбудзецца 15 лютага ў 18.20. Мадэраваць сустрэчу будзе Ганна Янкута.

Паэзія Анны Мендлік даследуе сэксуальнасць і цялеснасць, геаграфічныя прас­торы і прасторы мовы. Асабістыя згадкі і сямейныя гісторыі мяжуюць з вядомымі сюжэтамі, пераасэнсаванымі з квір-фе­мі­ністычнай перспектывы. Яны ствараюць поўны парадоксаў і нечаканых асацыяцый стракаты паэтычны свет.

Анна Юліян Мендлік (Anna Julian Mendlik, раней Анна Хетцэр) нарадзілася ў 1986 годзе, вырасла ў нямецка-польскай сям’і. Жыве і працуе ў Берліне. Яе творы неаднаразова адзначаліся літаратурнымі прэміямі і перакладаліся на многія мовы.

Ігар Крэбс перакладае з нямецкай, ідыш, ангельскай і іншых моваў. Пераклаў на беларускую казкі Вільгельма Гаўфа, “Неверагодныя падарожжы барона Мюнхгаўзэна“ Бюргера і Рас­пэ, працы Тэадора Герцля, успаміны Бэлы Шагал, паэзію Ген­рыха Гайнэ, Георга Гайма, Машы Калека, дзіцячыя кнігі Марк-Увэ Клінга і Боды Шэфера і інш.

Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова пройдзе 13–15 лютага (гл. праграму) у памяшканні варшаўскага Музея Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11). Сярод запланаваных івэнтаў — цырымонія абвяшчэння лаўрэата Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова, дыскусіі, прэзентацыі беларускай паэзіі 2025 году, сустрэчы з літаратарамі Падляшша, замежнымі калегамі-паэтамі з Германіі, Нарвегіі, Польшчы і Украіны, вечарына выпускнікоў Школы маладога пісьменніка і традыцыйная “Ноч паэзіі”.