Раман Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі” (2014) выйшаў ва ўкраінскім выдавецтве “Стилос”. Пераклад здзейснілі Лэсік Панасюк і Дарына Гладун. Гэта першая кніга Альгерда Бахарэвіча на ўкраінскай мове.
“А ўкраінская мова — чацвертая (ці нават пятая), на якой існуе гэты раман”, — дзеліцца навіной у сацсетках сам аўтар і дзякуе ды віншуе ўсіх, хто спрычыніўся да з’яўлення навінкі.
У 2014 “Дзеці Аліндаркі” выйшлі ў выдавецтве “Галіяфы” ў Менску і атрымалі прэмію “Кніга году” і трэцюю прэмію Гедройця. У 2018 раман выйшаў па-французску ў выдавецтве Le ver a soi ў перакладзе Алены Лапатнёвай пад рэдакцыяй Віржыні Шыманец.
У 2020 — па-ангельску ў перакладзе Джыма Дынглі ў шатландскім выдавецтве Scotland Street Press (з элемэнтамі скотс ад паэткі і перакладчцыцы Пэтры Рыд). У 2022 ангельскі пераклад выдалі ў ЗША New Directions. У 2024 годзе раман па-беларуску перавыдала выдавецтва “Янушкевіч”.
Украінскі пераклад з’явіўся пры падтрымцы праграмы Еўразвязу “Дом Еўропы”.






