Гарадская рада Франкфурта-на-Майне аднагалосна прагаласавала за ўсталяванне памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменніка і дысідэнта Васіля Быкава. Навіной падзялілася арганізацыя беларусаў у Германіі RAZAM e.V.
Шыльда мусіць паўстаць у парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменнік у Франкфурце ў 2001 і 2002 гадах, паведамляе Reform.
Перад галасаваннем, якое адбылося на пасяджэнні 2 верасня, сябры арганізацыі RAZAM e.V. Яўгенія Гукава і Алесь Маісеенка расказалаі дэпутатам горада пра жыццёвы шлях і творчасць класіка беларускай літаратуры.

“Мы выказваем падзяку ўсім дэпутатам, якія зрабілі магчымым рэалізацыю гэтай ідэі. Асобная падзяка — суініцыятарам Міхаілу Рубіну, Таццяне Трафімавай і дэпутату Штэфану Кортэ (FDP), які падаў заяўку“, — адзначылі актывісты.
У 1998 годзе Васіль Быкаў быў вымушаны пакінуць Радзіму з-за крытыкі рэжыму Лукашэнкі. У межах ініцыятывы “Горад прытулку” ён жыў у Франкфурце-на-Майне, дзе, у тым ліку, запісаў успаміны Барыса Кіта.






