У выдавецтве Skaryna Press выйшаў дэбютны зборнік апавяданняў літаратаркі Вольгі Касцюк “Дубовые яблочкі”. Як адзначаюць выдаўцы, гэты шчыры і смелы праект асабістага летапісу, які пачынаецца па-расейску, а заканчваецца на беларускай мове і на роднай аўтарцы паляшуцкай гаворцы.
“Героі апавяданняў гэтай кнігі не звязаны паміж сабой, але іх гісторыі паяднаны адзіным мінулым і ўплеценыя ў падзеі, якія нікога з нас не пакінулі ўбаку. Адных герояў і гераіняў пазнаеш адразу; у іншых гісторыях і дыялогах бачыш сябе, сяброў або суседзяў”, — гаворыцца ў анатацыі.
Вольга Касцюк жыве ў Новай Зеландыі (Аатэароа). Ейныя апавяданні, вершы, эсэ і пераклады публікаваліся ў часопісах, анталогіях і анлайн-выданнях па ўсім свеце. У сваёй творчасці яна часта закранае тэмы, актуальныя для фемінісцкай літаратуры, пытанні дэкаланізацыі і моў.
Папяровую кнігу можна купіць на сайце выдавецтва Skarynapress.com, а таксама на Амазоне і іншых кніжных пляцоўках.
Электронная версія кнігі даступная тут: Apple Books, Google Play Books, Kobo.


У слове “Ад аўтаркі” Вольга Касцюк расказала, як стваралася кніга і якія тэксты яе склалі.
“„Дубовые яблочкі“ пачыналіся з пратэстаў у 2020 годзе. На той час я ўжо восем год жыла ў Новай Зеландыі (Аатэароа) і не магла выходзіць на беларускія вуліцы, таму вырашыла пратэставаць сваімі апавяданнямі. Так нарадзіліся многія тэксты гэтага зборніка. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў ім з’явіліся апавяданні пра вайну. Тады ж мяне пачало разрываць знутры, і мой лепшы сябра Б нагадаў мне, што мая бабуля, да якой я кожны дзень на ровары ездзіла па малако, была беларускамоўнай і што разам з гэтым малаком я ўсмактала беларускую мову. У той час я вельмі скептычна аднеслася да гэтага напаміну, але пасля амаль трыццаці год вырашыла пачаць пісаць па-беларуску. Так у „Дубовых яблочок“ з’явіўся другі раздзел — „Мова“.
Назва першага раздзела, „Язык.“, заканчваецца кропкай, а ў другім, „Мова“, яе няма. Гэта таму, што з языком я скончыла свае адносіны, а вось з мовай мае стасункі толькі пачынаюцца”.