Беларуская літаратура на нямецкім міжнародным фестывалі

Беларускія літаратары Віктар Марціновіч і Вольга Гапеева возьмуць удзел у XXIV Міжнародным літаратурным фестывалі Poetische Quellen (“Паэтычныя вытокі”) ва Усходняй Вестфаліі-Ліппе.

Падзея пройдзе з 27 па 31 жніўня ў культурным парку Aqua Magica ў Лёне (Löhne), піша Reform.

Вольга Гапеева 31 жніўня ў14.00 прэзентуе свой раман “Самота, што жыла ў пакоі насупраць”.

У 16.30 на той жа пляцоўцы адбудзецца сустрэча з Віктарам Марціновічам, які раскажа пра свой раман “Рэвалюцыя”.

На фэсце выступіць і нямецкі пісьменнік, журналіст, аўтар кнігі пра беларускія пратэсты 2020 году “Rasender Stillstand” Інга Пэц — сустрэча з ім запланавана таксама на 31 жніўня.

Сярод гасцей падзеі — лаўрэат Ляйпцыгскай кніжнай прэміі ў намінацыі “Пераклад” Томас Вайлер. Нагадаем, што прэстыжную ўзнагароду на Ляйпцыгскай кніжнай выставе творца атрымаў за пераклад кнігі “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка. Томас Вайлер з’яўляецца і аўтарам перакладу рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”. На сустрэчы 31 жніўня перакладчык распавядзе пра свае сувязі з Беларуссю і творчую кухню.

Поўная праграма фестывалю даступная на сайце. Набыць квіткі на падзеі фестывалю можна тут.