Нямецкі раман пра палітыку і каханне пераклалі на беларускую

Выдавецтва Skaryna Press апублікавала раман нямецкага пісьменніка Маціяса Гёрыца “У Паркера застаўся толькі тыдзень” (Parker, 2018) пра палітыку ў Германіі. Пераклад на беларускую здзейсніла Галіна Скакун.

Раман Маціяса Гёрыца — гэта захапляльная гісторыя інтрыг, улады і кахання, якая даследуе непераадольную спакусу поспеху і ягонага кошту.

Анатацыя:

Сябра Паркера, дасведчаны гулец на палітычнай сцэне Германіі, запрасіў яго стаць медыя-кансультантам і аўтарам прамоў для перспектыўнага маладога палітыка. Паркер прагне перамогі, яму патрэбны кантракт і грошы. Але больш за ўсё яму патрэбны новы пачатак. Так выглядае, што ён ніколі па-сапраўднаму не здолеў спыніцца і перавесці дыханне з таго моманту, як студэнтам з’ехаў у ЗША.

Паркер — працоўны качэўнік з глабальнымі сувязямі — заўсёды гатовы кінуць усё і з’ехаць, калі нехта становіцца да яго занадта блізкі. Таму апошняя дзяўчына яго і кінула. Цяпер ён зноў у Германіі. І Анэлі Шнайдэр, амбіцыйная і загартаваная памочніца яго новага кліента, кідае яму штораз новыя выклікі.

Кнігу можна замовіць праз сайт выдавецтва Skaryna, а таксама на Амазоне ў розных краінах, Barnes & NobleThalia і інш.


Маціяс Гёрыц – паэт, драматург, перакладчык і раманіст з Германіі. Аўтар раманаў Der kurze Traum des Jakob Voss (Кароткі сон Якаба Фоса, 2005), які атрымаў прэмію Мары Касэнс за дэбютны раман на нямецкай мове, Träumer und Sünder (Мараць і грашаць, 2013), які быў уганараваны прэміяй Роберта Гернхардта, і Die Sprache der Sonne (Мова Сонца, 2023). Першы паэтычны зборнік М. Гёрыца Tools выйшаў у 2011 годзе. З таго часу, аўтар выдаў яшчэ два зборнікі вершаў. Жыве ў Сэнт-Луісе (ЗША), дзе выкладае і займаецца даследчыцкай працай ва ўніверсітэце. Па-беларуску яго паэтычны зборнік "Кароткая гісторыя сэрца" ў перакладзе Вольгі Гапеевай выходзіў у 2019 годзе.