Распачынаецца новы прэміяльны сезон найбуйнейшай незалежнай узнагароды Беларусі — літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, якая штогод уручаецца за найлепшую кнігу прозы, напісаную на беларускай мове. Пачатак сезону 27 ліпеня прымеркаваны да 119-й гадавіны з дня нараджэння патрона прэміі, як называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.
Сёлета ў прэміі ўдзельнічаюць кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе. Такім чынам, поўны спіс намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця 2025 году:
- «Мое баба – діректор морга» – Вольга Аполька (Голя з Ополя), самвыд
- «Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні» – Алесь Белы, выдавецтва Gutenberg Publisher
- «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» – Вольга Вялічка, выдавецтва Gutenberg Publisher
- «Вольнеры. Бясконцы дзень» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч»
- «Псіхараман. Уводзіны ў сучасную культуру» – Язэп Гніль, выдавецтва «Лысы Чэрап»
- «Гульні Цырцэі» – Зміцер Дзядзенка, фонд Kamunikat.org
- «Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»
- «Стагоддзе НН» – Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»
- «Сфагнумы» – Андрэй Дудко і Ветэраны карнай псіхіятрыі, платформа для электронных кніг Smashwords
- «Стрыжэ і піша» – Сяргей Календа, выдавецтва Gutenberg Publisher
- «Перамена месцаў» – Югася Каляда, выдавецтва «Пфляўбаўм»
- «Калі я выйду на волю» – Ганна Комар, выдавецтва Skaryna Press
- «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандар Лукашук, выдавецтва «Вясна»
- «Апошняе пакаленне» – Макар, выдавецтва «Янушкевіч»
- «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» – Аляксей Правалоцкі, выдавецтва «Янушкевіч»
- «Залатое зерне» – Мечыслаў Ян Супрон, выдавецтва Gutenberg Publisher
- «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала, выдавецтва Alena Kazlova
- «Гвалт» – Аляксандр Чарнуха, выдавецтва «Янушкевіч»
- «Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны, аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва «Янушкевіч»
Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця складаецца з вядомых літаратараў, перакладчыкаў, даследчыкаў і культурных дзеячаў, чыя кампетэнтнасць і розныя перспектывы забяспечваюць ацэнку кніг.
Сёлета сярод публічных асобаў у складзе журы: беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.
Заснаваная ў 2012 годзе, літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця стала адной з найбольш прэстыжных узнагарод у беларускай культурнай прасторы. Яна не толькі адзначае творчыя дасягненні, але і фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.
Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытуту.