На фэсце Tutaka Артур Камароўскі прэзентуе новую кнігу вершаў

У выдавецтве SkarynaPress найбліжэйшым часам выходзіць з друку новая кніга вершаў Артура Камароўскага з назвай “Анатомія”. Першая прэзентацыя для чытачоў мае адбыцца 11-га ліпеня на фестывалі Tutaka, які праходзіць на Падляшшы.

“Седзячы ў пакоі з відам на мястэчка, можна было назіраць за птушкамі і людзьмі, за тым, як месца пераапранаецца з восеньскага ў зімовае, і пісаць так многа, ажно пад канец адчуць — слоў больш няма, — расказвае Артур Камароўскі пра працу над кніга ў творчай рэзідэнцыі ў горадзе Алінгсос (Швецыя) і дадае: — Мне хацелася, каб у кніжцы было больш пра любоў і менш пра нянавісць, трошкі больш жыцця, чым смерці, больш памяці, чым забыцця”.

“Анатомія” — зборнік-лабірынт, які будуецца вакол цялеснасці і дваістасці. Што мы можам спазнаць целам, якое робіцца домам падчас эміграцыі, вайны, гвалту, стратаў і набыткаў? Як месцы і гарады становяцца целам, якое расце, баліць, ірвецца ці дужэе? Гэтая кніга — блуканне сярод дробязяў і пакункаў, скрозь самоту і пяшчоту, унутры настальгіі і памяці.

Рэдагавалі кнігу Дар’я Бялькевіч і Ганна Шакель.
Дызайн — Сяргей Шаматульскі.

Падчас прэзентацыі ў пятніцу 11 ліпеня на адной са сцэн фестывалю Tutaka Артур Камароўскі пачытае вершы, адкажа на пытанні, разам з гасцямі паспрабуе паразважаць на тэмы, якія закранае кніга. Таксама на сустрэчы будзе адна з рэдактарак зборніка Дар’я Бялькевіч.

Месца правядзення: Барык каля Гарадка, Падляшша