Новае выдавецтва Surma першай кнігай выпускае пераклад з літоўскай

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў запускае ўласную кніжную марку Surma, пад якой будуць выходзіць кнігі беларускіх і замежных аўтараў. Першай кнігай выдавецтва стаў раман Гінтараса Граяўскаса “Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі”. З літоўскай на беларускую твор пераклала Сабіна Брыло.

Герой аповесці Гінтараса Граяўскаса адпраўляецца на пошукі дракона, каб яго забіць, бо гэта лагічна і натуральна, калі ты завешся рыцарам. Тваё атачэнне патрабуе ад цябе канвенцыйнага дзеяння — забойства. Гэта экзамен, які належыць здаць грамадству, каб цябе прызналі за таго, кім ты заяўлены. Але “штосьці пайшло не так”.

Два антаганісты — рыцар і драконы — замест таго, каб біцца, пачынаюць размаўляць. Чытач робіцца слухачом захапляльных гісторый, у якіх рэальныя гістарычныя падзеі і персанажы пераплятаюцца з фантазіямі, поўнымі гумару і філасофіі.

Мастацкае афармленне Ганны Штольц.

Проза Гінтараса Граяўскаса ўпершыню публікуецца па-беларуску. Набыць кнігу можна праз інтэрнэт краму Kamunikat.shop.

Гінтарас Граяўскас (Gintaras Grajauskas) — паэт, драматург, празаік і музыкант. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Мар’ямпалі. Вучыўся на Клайпедскім факультэце Дзяржаўнай кансерваторыі Літвы (кафедра джазу).

Лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку прэміі Міністэрства культуры Літвы (2003) і Залатога Сцэнічнага Крыжа (2007) за п’есу “Дзяўчынка, якой баяўся Бог”.

Вершы перакладзеныя на шматлікія мовы. Беларускія пераклады друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў” (№68) і анлайн-часопісе TAUBIN ў перакладзе Андрэя Хадановіча, а таксама ў анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі "Горад на гары".

Жыве ў Клайпедзе.

SURMA — партнёрскі праект Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, які базуеца ў Вільні. Пад брэндам выдавецтва мяркуецца выпускаць кнігі па некалькіх накірунках. У найбліжэйшых планах выхад кніг прызёраў прэміі імя Ежы Гедройця, пераможцаў літаратурных конкурсаў, аднаўленне серыі дэбютных кніг “Пункт адліку”, арыгінальная і перакладная дзіцячая літаратура.