Берлінскае выдавецтва Edition Fototapeta анансавала свае выдавецкія планы на восень у межах серыі “Кнігі з усходняй Еўропы”. Сярод іншага чакаецца выхад кнігі Альгерда Бахарэвіча “Папяровы голем” і эсэ Тані Арцімовіч.
Над перакладам кнігі Альгерда Бахарэвіча працуе Магдалена С. Фогт.
“Летась у красавіку Магдалена пачала вучыць беларускую мову — з уласнае ініцыятывы. Ніколі дагэтуль ня меўшы справы ні зь якой іншай славянскай мовай. А выкладаць ёй беларусіш вызваўся я (успомніў, што маю дыплём настаўніка). Затым да нас далучылася Юля [Цімафеева], дзякуючы якой у нашых занятках значна паболела размоўнай практыкі”, — падзяліўся ў фэйсбуку Альгерд Бахарэвіч і дадаў, што Магдалена Фогт удзельнічала ў перакладчыцкім семінары Томаса Вайлера, які летась атрымаў прэстыжную прэмію для перакладчыкаў імя Паўля Цэлана ўласна за перастварэнне рамана “Сабакі Еўропы” на нямецкую мову.

Пісьменнік спадзяецца, што прэзентацыя новага перакладу адбудзецца ў кастрычніку 2025 году на кніжным кірмашы ў Франкфурце.
Больш падрабязна пра ўсе планы выдавецтва Edition Fototapeta можна дазнацца тут.