Беларускі дзяржаўны тэатр лялек анансаваў новы спектакль з назвай “Хутар” рэжысёра Яўгена Карняга, які ёсць пераасэнсаваннем аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”. Першыя паказы чакаюцца ў дваццатых чыслах чэрвеня.
“Нарэшце дзелімся з вамі доўгачаканай навіной! — паведамляюць у сацсетках тэатра. — У нашай афішы з’явіцца новы спектакль “ХУТАР”, які стане вобразным пераасэнсаваннем знакамітай аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”. Над спектаклем працуе добра вядомая творчая каманда: рэжысёр Яўген Карняг, мастак Таццяна Нерсісян і кампазітар Кацярына Аверкава“.
У цэнтры сюжэта — гісторыя простых людзей, якія змагаюцца за тое, каб выжыць, і робяць складаны маральны выбар на мяжы жыцця і смерці. Іх хутар становіцца адзіным маўклівым сведкай невыносных выпрабаванняў ды знакам нязломнасці чалавечага духу.