З’явіўся сайт з электроннымі беларускімі кнігамі

21 лютага, у Дзень роднай мовы пачаў працу рэсурс “Новыя беларускія кнігі і творы – Найноўшая проза: традыцыя, эксперыменты, пошукі”, які ўяўляе сабой бібліятэку электронных кніг у вольным доступе. У прыярытэце пры размяшчэнні будуць творы, якія не маюць папяровага варыянта, адносна новыя і адрэдагаваныя.

“…Было, у пошуках нечага знаходзіліся недзе на Літрэсе ці Рыдэра электронныя кнігі нашых аўтараў. Сярод соцень тысяч іншых яны патанулі, канешне. Не ведаючы імя аўтара ці назвы кнігі, адшукаць іх было практычна немагчыма. Нашы ж аўтары, згубіўшы надзею на папяровае выданне, пакідалі там свае творы ў спадзеве на, літаральна, цуд быць заўважаным, прачытаным і адзначаным”, — расказвае, што яго падштурхнула запусціць сайт Lib.bellit.store, аўтар рэсурсу Валер Гапееў.

У звароце да аўтараў і чытачоў падрабязна тлумачацца прынцыпы працы пляцоўкі. Сярод іншага зазначаецца, што кнігі і асобныя творы будуць размяшчацца па згодзе ці па просьбе аўтараў, праваўладальнікаў альбо без ведама апошніх – у тым выпадку, калі творы былі размешчаныя раней у свабодным доступе на іншых пляцоўках самімі аўтарамі ці  праваўладальнікамі. Пры гэтым аўтар (праваўладальнік) мае права зняць электронную версію твора з рэсурсу ў выпадку патрабавання такіх дзеянняў выдавецтва пры публікацыі папяровага варыянту кнігі.

Кнігі будуць даступныя ў трох фармат: .doc, .pdf, .epub.

“Мяркую, тэматыка пляцоўкі ўсім зразумелая. Тут не будзе кніг усіх-усякіх, не збіраюся ствараць канкурэнцыю ні Беларускай палічцы, ні нейкаму іншаму рэсурсу. У кожнага — свая задача і мэта. Мэта гэтага рэсурсу — падтрымаць маладых, даць адзінае вызначанае месца для беларускіх электронных кніг і аўтараў, каб яны былі — кожны — па магчымасці, навідавоку”, — тлумачыць Валер Гапееў і запрашае аўтараў да супрацоўніцтва праз мэйл bellitstore@gmail.com