Кніга прозы Арлова выйшла на польскай мове

Польскі Дзяржаўны выдавецкі інстытут (Państwowy Instytut Wydawniczy — PIW) выпусціў з друку кнігу Уладзімера Арлова “Танцы над горадам. Тры аповесці” ў перакладзе на польскую мову Богдана Задуры (Bohdan Zadura), піша Kamunikat.org.

З анатацыі на сайце выдавецтва:

“Танцы над горадам” — адна з самых прыгожых і хвалюючых кніг пра дваістую прыроду рэчаіснасці і таямнічасць творчасці. Уладзімір Арлоў — адзін з самых цікавых і папулярных беларускіх паэтаў і празаікаў апошніх дзесяцігоддзяў — пераносіць нас у свет, дзе мары перасякаюць мяжу явы і даюць перадышку ад жахаў рэальнасці, у якой пратэстоўцы гінуць ад снайперскіх куль. Тры гісторыі, якія адбываюцца ў розных краінах (і светах), ствараюць складанае цэлае, дзе неверагодныя лёсы герояў пераплятаюцца і разблытваюцца. У першай аповесці невялікая кампанія  самнамбулаў жыве падвойным жыццём: незнаёмыя паміж сабой удзень,  уначы яны аб’ядноўваюцца ў таемнае брацтва. У другой аповесці пісьменнік праводзіць эксперыменты з чалавекам са свайго сну, які суправаджае яго падчас напісання твору, а ў трэцяй аўтар турыстычнага даведніка трапляе на кніжны кірмаш у невялікім шведскім горадзе.

Паўсядзённасць на кожным кроку сустракаецца са звышнатуральным, гісторыі захапляюць шырынёй культурных асацыяцый і пранікнёнасцю сацыяльных назіранняў і ў той жа час сапраўды кранальныя, як у апісанні пахавання ахвяр дэманстрацыі, сярод якіх адзін з танцораў-самнамбулаў.

Кніга “Танцы над горадам” у 2018 годзе была ўганараваная літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройца.

Купіць кнігу ў перакладзе на польскую мову можна праз сайт выдавецтва.