Чым жыве Інстытут беларускай кнігі: поспехі і задумы

Беларуская мова на сцэне міжнароднага кніжнага кірмашы ў Франкфурце, эмігранцкія бібліятэчныя ініцыятывы і каталагізацыя кніг беларускіх выдавецтваў: пра вынікі мінулага года для Інстытута беларускай кнігі, а таксама пра планы на новы, 2025 год, расказала адна з актывістак ініцыятывы Ліля Ільюшына.

Даведка: 

Інстытут беларускай кнігі (ІБК) — ініцыятыва, скіраваная на прамоцыю і рэпрэзентацыю беларускай кнігі, падтрымку беларускага кніжнага асяроддзя ў Беларусі і за яе межамі. Інстытут арыентаваны на прасоўванне, аб’ядноўванне аўтараў, выдаўцоў, чытачоў, кнігараспаўсюднікаў, ілюстратараў, бібліятэкараў і іншых удзельнікаў кніжнага працэсу, а таксама грамадскіх праектаў і арганізацый, якія займаюцца пытаннямі беларускай кнігі. Ініцыятыва была запачаткаваная ў 2023 годзе ў Польшчы. Даведацца падраязней пра Інстытут, а таксама далучыцца да актыўнасцяў можна праз афіцыйны тэлеграм-канал ініцыятывы альбо звярнуўшыся на мэйл instbelknig@gmail.com.

— Якім для Інстытута беларускай кнігі быў 2024 год? Якія можна адзначыць дасягненні і перамогі? Якія былі асноўныя цяжкасці?

— Найперш хачу падзякаваць Bellit.info за магчымасць распавесці пра нашу дзейнасць, а табе, Аляксандра, за вытрымку і добразычлівасць пры падрыхтоўцы гэтай размовы. Штодзень чытаю і сайт Bellit.info, і сацсеткі, здорава, што вы так шмат робіце! Сіл і натхнення камандзе і ў далейшым.

Мінулы год для Інстытута беларускай кнігі быў больш складаны, чым 2023. Гэта звязана як з нашымі дзеяннямі, так і з агульнай сітуацыяй, якая імкліва змяняецца — людзі працягваюць пераязджаць, уплываюць і міжнародныя падзеі. Напрыклад, мы пабачылі, як на сусветнай увазе да нашага рэгіёну сур’ёзна адбіліся падзеі на Бліжнім Усходзе — напад на Ізраіль, вайна ў Палестыне, таксама выбары Трампа ў ЗША — з міжнароднай павесткі пачалі сыходзіць пэўныя пытанні. Таму людзі, якія трымалі беларускую павестку ў фокусе — проста героі, гэта каласальная праца.

Ліля Ільюшына

Акрамя таго, ІБК — валанцёрская ініцыятыва, шмат часу сыходзіць на падбор каманды, разуменне, якія функцыі і хто можа выконваць. Шмат унутранай працы: намацванне кірункаў, пошукі эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі суб’ектамі поля, канцэптуалізацыя самога поля і інш. Усе гэтыя дзеянні вымагаюць шмат рэсурсаў, натуральна, што дапускаюцца памылкі, штосьці, што здавалася найбольш плённым альбо простым, апынаецца абсалютна іншым.

І мне вельмі б хацелася падзякаваць калегам, найперш – Але Пігальскай, Паўлу Анціпаву і Наталлі Русецкай за іх штодзённую падтрымку і актыўнасць. Таксама, думаю, відавочна, што наіўна спадзявацца на сістэмную працу без падтрымкі на розных узроўнях, таму скарыстаюся магчымасцю выказаць вялікую ўдзячнасць Аліне Коўшык і Сяргею Будкіну.

І яшчэ мне здаецца, што мінулы год быў знакавым наогул для беларускага кніжнага поля, 2024 — год відавочнага разлому. З аднога боку, адбылося шмат падзеяў — выйшлі новыя кнігі, адкрыліся выдавецкія ініцыятывы, адбыліся кніжныя кірмашы і інш. Складваецца ўражанне, што ўсяго багата, але, паводле майго разумення і досведу — гэта апошняя хваля “багацця”. Бо, калі глядзець на чытацкі попыт, ён не надта расце. Вядома, самай актуальнай інфармацыяй валодаюць выдавецтвы, але, з маіх уражанняў, прасядае цікавасць да беларускай мовы і культуры. Гэта шмат у чым натуральна, бо людзі, калі казаць пра эміграцыю, наладжваюць сваё жыццё ў іншых краінах, дзесьці і асімілююцца, зараз патрэбны пэўныя новыя высілкі для прыцягнення іх увагі.

І другі момант — усё складаней падтрымліваць сувязь з Беларуссю. Людзі працягваюць з’язджаць, сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю альбо вяртаюцца да руціннага жыцця. Я адчуваю гэта разыходжанне паміж тымі, хто застаўся ў Беларусі і з’ехаў, больш няма інтуітыўнага разумення.

Але разам з тым ёсць шэраг важных для нас, як для інстытуцыі, падзеяў, якія мне б хацелася адзначыць.

—  Так, раскажы, калі ласка, у якіх міжнародных мерапрыемствах, выставах браў удзел Інстытут? Якія поспехі тут можна адзначыць? Магчыма, з’явіліся новыя фарматы і кірункі дзейнасці?

— Адна са знакавых падзеяў — удзел ІБК у міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце. Кніжны стэнд тут адыгрывае ролю нацыянальнага, таму, фактычна, мы прэзентавалі “Вольную Беларусь”. І, што вельмі важна, мы атрымліваем моцную падтрымку збоку Франкфурцкага кірмаша, такім чынам, праз нас, як рэпрэзентараў кніжнай сферы, у фокусе застаецца і Беларусь.

Саша Філіпенка, Сяргей Шупа, Алена Казлова, Ала Пігальская на Франкфурцкім кніжным кірмашы

Другі значны момант — наколькі нам вядома, упершыню ў межах Франкфуртскага кімарша адбылася цалкам беларускамоўная дыскусія “Беларускія аўтары: шлях да чытача ва ўмовах эміграцыі і рэпрэсій”, удзельнікамі якой былі беларускія аўтары Саша Філіпенка і Алена Казлова, мадэравала дыскусію Ала Пігальская, перакладчыкам выступаў Сяргей Шупа.

Таксама вельмі важнай падзеяй для Інстытута з’яўляецца ўдзел у польскіх кніжных выставах, у Катавіцах, і, асабліва у Варшаве. Відавочна, Польша  адна з галоўных краін, якая моцна і паслядоўна падтрымлівае беларусаў, таксама тут, можа, найбольшая беларуская дыяспара.

Міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве гэта агулам цікавая і прыгожая падзея. Кірмаш адбываецца ў цэнтры Варшавы, каля Палаца культуры і навукі, удзельнічаюць выдавецтвы самых розных краінаў, праводзяцца мерапрыемствы. Удзел бярэ багата аўтараў; каб атрымаць аўтографы некаторых з іх, моладзь гатовая стаяць у кіламетровых чэргах. Гэта моцны момант, вельмі натхняе!

Таму ўдзел у такой выставе  вялікая матывацыя, і, да ўсяго, магчымасць прыцягнуць увагу беларусаў. Шмат хто з дыяспары чытае па-польску, цікавіцца польскай культурай, і на кірмашы ў гэтых людзей ёсць магчымасць набыць і беларускую кнігу. На сёлетняй кніжнай выставе ў Варшаве мы мелі добры сучасны стэнд, на якім беларускія незалежныя выдавецтвы прадстаўлялі свае новыя кнігі.

Для нас таксама вельмі каштоўная супраца з арганізатарамі Варшаўскай кніжнай выставы. Яны дапамагаюць з пошукам фінасавання, і агулам падтрымліваюць. Я была на адкрыцці, і калі дырэктар кірмаша агучвае сярод удзельнікаў стэнд вольнай Беларусі — гэта сімвалічна і падкрэслівае нашу статуснасць.

Яшчэ адна з важных ініцыятыў Інстытута — ўдзел у кангрэсе Міжнароднай рады дзіцячай кнігі — The International Board on Books for Young People (IBBY) восенню мінулага году.

The International Board on Books for Young People (IBBY) — адна з самых уплывовых арганізацый у свеце дзіцячай кнігі. Менавіта гэта арганізацыя ўручае прэмію Андэрсена за лепшую кнігу, за лепшы тэкст, і за лепшую ілютстрацыю.

Трапіць у шорт-ліст гэтай прэміі — вельмі уплывова і пачэсна, але, на жаль, беларускія ўдзельнікі, з цяжкасцю могуць прабіцца ў намінанты ў гэтым конкурсе — намінаваць на ўдзел у гэтай прэміі могуць толькі нацыянальныя секцыі, а беларускай нацыянальнай секцыі пакуль што няма. Таму дзякуй тым, хто шукае магчымасці, каб беларускія аўтары і мастакі атрымлівалі належнае прызнанне, а таксама тым, хто ім ў гэтым дапамагае.

На сённяшні дзень удалося выйсці на кантакт з дырэкцыяй выканаўчага камітэта прэміі, мы змаглі данесці да іх інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіі, стан беларускай кнігі і інш. Да абмеркавання было ўзнята пытанне наконт стварэння нацыянальнай секцыі ў выгнанні. Пакуль існаванне такой секцыі немагчымае, бо гэта супярэчыць статуту, але наш кейс і настойлівасць прывялі да таго, што IBBY разглядае магчымасці змены статута. І, таксама, разглядаюцца змены ролі і павелічэнні правоў індывідуальных сябраў. Інстытуту важна такая опцыя, бо мяне запрасілі ў арганізацыю як індывідуальнага сябра. На сёння я яшчэ не маю права падаваць рэкамендацыйныя спісы беларускіх аўтараў і ілюстратараў да ўдзелу ў прэміі, але такія магчымасці ў новым статуце абмяркоўваюцца, таму будзем трымаць пальцы крыжыкам.

— Якія яшчэ новыя фарматы дзейнасці ІБК з’явіліся летась?

—  Мы спрабавалі ладзіць нэтворгкінг, абмен досведам у стварэнні сеткі чытацкіх бібліятэк. Гэта тое, дзе я бачу найбольшую перспектыву — праца з чытачамі, падтрымка, падвышэнне чытацкага ўзроўню. Эмігранцкія бібліятэчныя ініцыятывы вельмі розныя — ад сталых і прафесійных, кшталту бібліятэкі і музея Францыска Скарыны ў Лондане ці дыяспаральныя ініцыятывы, якія паспелі развіцца на сталай базе, як віленская “Чытальня”, да ініцыятыў асобных людзей, якія прывезлі кнігі з сабой ці набылі пэўную колькасць, і зараз хочуць імі дзяліцца,

Важна падтрымліваць сувязь з такімі ініцыятывамі, дапамагаць, цікавіцца досведам, у тым ліку і тых, хто працуе ў бібліятэчных сістэмах краін, дзе мы апынуліся. Якіх аўтараў чытаюць у дыяспарах, якім попытам карыстаюцца такія ініцыятывы, якія да іх патрабаванні і інш. Гэта вельмі добры спосаб даведацца, як палепшыць дзейнасць як саміх бібліятэк, так і дзейнасць ІБК па прамоцыі кніг аўатараў.

— Ці ёсць задумы, якія распачаліся ў ІБК, але пакуль не спраўдзіліся?

Так, ёсць тое, што напрацавалі ў мінулым годзе, а вынікі, спадзяюся, пабачым у 2025-м папяровы і электронны каталог беларускіх кніг, якія былі выдадзеныя ў Беларусі і замежжы. Шмат працы ўжо зроблена, але, на жаль, з розных прычынаў, мы пакуль не змаглі яго прэзентаваць.

І тут складанасць з двух бакоў. Калі браць выданні ў эміграцыі, падаецца, усё проста, бо асноўныя выдавецтвы навідавоку, але зараз кнігі выдаюць самыя розныя людзі і ініцыятывы. Таксама ўсе кнігі, якія выходзяць у еўрапейскіх краінах, трапляюць у еўрапейскія базы, але на сённяшні дзень у нас няма магчымасці ўсё адсочваць. Па меры сваіх мажлівасцяў мы стараемся сачыць за асноўнымі навінамі кнігавыдавецтва.

Таксама нам важна адсочваць, што адбываецца з кніжнай сферай у Беларусі, які статус у ёй маюць беларускамоўныя кнігі, якая сапраўдная колькасць новых выданняў, арыгінальных беларускамоўных твораў і інш. Гэта няпроста, таксама вельмі сур’ёзна на працы адбіваюцца і рэпрэсіі ў Беларусі.

Якіх мэтаў Інстытут плануе дасягнуць у 2025 годзе?

— Я палічу 2025 год паспяховым, калі мы прафесіяналізуем нашу дзейнасць — атрымаем рэгістрацыю, і хаця б некалькі чалавек зможа штодзённа прафесійна працаваць над галоўнымі задачамі і праектамі. Таксама нам важна працягнуць арганізацыю стэндаў на міжнародных кніжных кірмашах у Варшаве і Фарнкфурце, зрабіць стэнд у Франкфурце яшчэ больш прафесійным і прадстаўнічым.

Мы таксама плануем павялічыць прысутнасць Інстытута на галоўных сусветных кніжных падзеях — на Эдынбургскім фестывалі, і на Балонскай кніжнай выставе. І, што важна, — размова менавіта пра дэлегацыю альбо стэнд “Вольнай Беларусі”, а не толькі пра прысутнасць асобных аўтараў, ілюстратараў ці актывістаў.

Спадзяемся таксама прасунуцца ў пытанні стварэння нацыянальнай беларускай секцыі ў выгнанні ў IBBY, завяршыць папяровы і электронны каталог кніг беларускіх выдавецтваў, і, абавязкова — сканцэнтравацца на прамоцыі кніг.

Усё гэта вельмі рэсурсаёмкае, але мы вельмі хочам, каб усё атрымалася.

— Калі Інстытут мае які мэсэдж ці пасыл да ўдзельнікаў кніжнага працэсу — самы час яго агучыць. Ці патрэбная дапамога Інстытуту? Як да вас далучыцца?

— Мэсэдж Інстытута вельмі просты. Наша стратэгія накіравана на кааперацыю і супрацоўніцтва пры захаванні разнастайнасці. Я лічу, што гэтая стратэгія найбольш паспяховая, а не стратэгія канкурэнтнасці. Я абсалютна ўпэўненая, што захаванне, развіцце ў нейкай сферы адбывацца за кошт таго, што павялічваецца колькасць суб’ектаў. Гэта нармальна, што павялічваецца колькасць розных арганізацый, выдавецтваў, што ёсць людзі, якія хочуць выдаваць кнігі самі. Мы можам па-рознаму ацэньваць якасць, але сама па сабе разнастайнасць — сведчанне росту, таму усіх ўдзельнікаў кніжнага поля варта лічыць не канкурэнтамі, а выключна калегамі.

Мы будзем рады тым, каму цікава кніжная сфера, хто мае час і матывацыю. Знайсці нас вельмі лёгка, маем тэлеграм-канал з ботам, куды можна напісаць, пазнаёміцца, атрымаць інфармацыю. Па вашым запыце мы дамо зваротную сувязь і абмяркуем, як вы маглі б далучыцца да нашай ініцыятывы.

Аляксандра Дварэцкая, для Bellit.info