Класічны амерыканскі раман Фрэнсіса Скота Фіцджэралда “Вялікі Гэтсбі” выйшаў у аўдыяфармаце. Над стварэннем гукавой версіі працавала каманда Audiobooks.by, да якой гэтым разам далучыўся актор і рэжысёр Андрэй Саўчанка, а за гук адказваў Эрык Арлоў-Шымкус.
“Вялікі Гэтсбі” — гэта гісторыя пра сілу вялікіх пачуццяў і балючае крушэнне рамантычнае мары.
З анатацыі:
“У сваім знакамітым рамане «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіс Скот Фіцджэралд па-майстэрску пераносіць нас на Лонг-Айленд залатых дваццатых гадоў мінулага стагоддзя: у часы небывалага эканамічнага росту, першых хмарачосаў і джазу, сухога закона і бясчынстваў, залітага бліскучымі агнямі Брадвея і моднікаў, якія кідалі выклік закаранелым умоўнасцям, у часы вялікіх надзей і яскравых падзенняў.
Пранізліва і з далікатнай вытанчанасцю Фіцджэралд распавядае гісторыю маладога мільянера Джэя Гэтсбі, які ладзіць у сваім асабняку пышныя легендарныя вечарыны і збірае вакол сябе нью-ёркскі высокі свет. Але сам таямнічы гаспадар ні на каліўца не зацікаўлены ў тых вечарынах. За сляпучым фасадам хаваецца горкая туга па недасяжным, даўно страчаным каханні. Туга, якая перарастае ў апантанасць”.
Папяровая версія перакладу гэтай кнігі, які зрабіў Сяргей Матырка, выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч” у 2023 годзе.
Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
Купіць поўную версію: Kobo, Audiobooks.com, Google Play Books (не працуе ў Беларусі), Apple Books (толькі ў ЗША), Spotify Audiobooks (толькі ў ЗША).