Новая выдавецкая ініцыятыва SayBeat, створаная ў рамках Studio Magenta (Варшава), абвясціла краўдфандынгавую кампанію на платформе Gronka.org, мэта якой сабраць сродкі на выданне кнігі Макса Шчура “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе”.
Навінка ад Макса Шчура ўяўляе сабой кнігу ўспамінаў, белетрызаваную аўтабіяграфію, выданне якой запланаванае на люты наступнага году.
Сам аўтар вызначае жанр кнігі як “мэм-угáры”. Ягоная спроба зразумець, чым ёсць само па сабе і як узнікае асобна ўзятае чалавечае “я”, падаецца з уласцівым аўтару гумарам, часта на мяжы здзеку: не толькі з чытача, але і з сябе самога.
Пра што кніга? Дзеянне кнігі пачынаецца ў 1910-м і заканчваецца ў 2006 годзе. Гісторыя сям’і беларускіх партызан і аргентынскіх рэпатрыянтаў, (не)савецкае дзяцінства, перабудова ў асобна ўзятай школе на ўскрайку Брэста, далучэнне да беларушчыны і паэзіі, удзел у Таварыстве беларускай мовы, літаратурны андэграўнд, стварэнне першага рок-гурта… Далей — навучанне ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, анархісцкая тусоўка, sex drugs rock’n’roll, “Менская вясна”, “суткі”, уцёкі з Беларусі, лагер бежанцаў, жыццё на сквоце, пражскі эмігранцкі асяродак, праца на “Радыё Свабода”, хаатычныя закаханасці, гісторыя алкагалізму і псіхічнай хваробы… Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, аўтар ад чытачоў не хавае.
Урывак з рамана публікавала “Літрадыё”.
Больш падрабязна пачытаць пра кнігу і падтрымаць праект можна на сайце платформы Gronka.
Макс Шчур — палітэмігрант, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця 2016 году за раман “Завяршыць гештальт” і прэміі Юхнаўца за раман “Там, дзе нас няма” (2004). З 1998 году жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы (“Ліст, знойдзены на папялішчы”, “Галасы”, “Кінараман”), перакладчык з ангельскай, гішпанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайта “Невідочнае места” (2003–2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса “ЛітРаж” (2013–2020).
Мэта стварэння нашай ініцыятывы SayBeat — выданне кніг некамерцыйных і нефарматных аўтараў па-беларуску. Адрас для кантакту: saybeat.books@gmail.com