Паэт Павел Капанскі выдаў кнігу вершаў

Літаратар Павел Капанскі выдаў кнігу вершаў з назвай “Акрамя”. У кнігу ўвайшлі выбраныя тэксты 2010—2024 гадоў напісання.

У кнізе чытачы сустрэнуць вершы не толькі на беларускай, але і на ўкраінскай ды польскай мовах. Зборнік аформіла мастачка Лізавета Лянкевіч.

ці не твае рукі
габлююць з майго
драўлянага сэрца
бяскрылых галубоў?

настаўнік
навучы дрэва гарэць
кветку не вянуць
рэчку не выходзіць
з берагоў
навучы дождж маўчаць
час не рухацца
жывёлу не бегчы
ад смерці
што ж ты за настаўнік
не можаш выканаць
самых звычайных
патрабаванняў

Рэдактарам кнігі “Акрамя”, якая выйшла ў Варшаве, выступіў Уладзь Лянкевіч. Набыць зборнік можна непасрэдна звязаўшыся з аўтарам праз інстаграм.

Павел Капанскі — паэт. Hарадзіўся ў 1986 годзе ў Берасці, скончыў магістратуру філалагічнага факультэта БДУ. Фіналіст конкурсаў маладых літаратараў імя Ларысы Геніюш, Чэслава Мілаша, Максіма Танка, “Экслібрыс”. Удзельнік міжнародных паэтычных фестываляў. Друкаваўся ў зборніках, часопісах, газетах. Жыве ў Варшаве.

Публікацыя на “Літрадыё”.