Раман “Туўла” Юргіса Кунчынаса — адзін з самых яскравых твораў літоўскай літаратуры ХХ стагоддзя. Кніга распавядае пра фатальнае каханне, блуканні па старых віленскіх вуліцах у пошуках шчасця, багемнае жыццё познесавецкай эпохі, і, канечне, пра Зарэчча — самае галоўнае віленскае месца ў рамане, цэнтр аўтарскага сусвету, перакрыжаванне усіх шляхоў і накірункаў. Дом з апсідай, Бернардынскія муры, масты і могілкі: гартаючы раман “Туўла” ў перакладзе з літоўскай Сяргея Шупы, мы прайшліся па мясцінах з гэтай кнігі.
Раман “Туўла” надрукаваны Юргісам Кунчынасам у 1993 годзе, але распавядае пра віленскае жыццё канца 80-х гг., яшчэ савеціх часоў. У аснове сюжэта — каханне галоўнага героя да мастачкі Туўлы, здымнае жытло якой знаходзіцца ў Зарэччы. Тут, ля бурлівай Вілейкі, у задусе познесавецкіх часоў, і адбываецца галоўная падзея рамана — сустрэча героя з каханнем, тут ён пражывае дні, напоўненыя шчасцем і душэўнымі пакутамі, галечай, бадзяннямі, алкаголем, сустрэчамі з дзіўнымі персанажамі. Аўтар нібы размаўляе праз кнігу з каханай, а таксама распавядае пра Зарэчча, якое любіць і ненавідзіць адначасова. Горад з’яўляецца неадменным персанажам рамана, слухачом і назіральнікам, удзельнікам усіх падзей.
Даведка: Зарэчча (літ. — Užupis) — раён усходняй часткі Вільні, аддзелены ад цэнтра і старога горада ракой Вілейкай (літ. — Vilnelė), акруга паміж касцёламі святой Ганны і Барталамея, Бернардынскім манастыром. У 80-я гг. — адзін з найбяднейшых раёнаў Вільні, у той час тут вялікую частку насельніцтва складалі маргіналы, п’яніцы, студэнты мастацкага інстытута і рознага кшталту авангардныя персанажы. “Беднасць, безнайдзейнасць, п’яныя песні, вясновыя разводдзі, фіялетавы, нібы пралітыя чарнілы туман і цвіценне бэзу…”, — так герой кнігі апісвае тагачаснае Зарэчча.
Такім чынам, рухаемся ў бок Зарэчча. І першае месца, куды варта накіравацца — да дому з апсідай, што каля вул. Млыновая, 3 (літ. — Malūnų g. 3).
Дом з апсідай (дом Туўлы) — той самы дом, дзе здымала кватэру Туўла, каханая галоўнага героя рамана. Былая студэнтка мастацкага інстытута жыла ў пакойчыку на першым паверсе, менавіта там, дзе апсіда. У гэтым пакойчыку галоўны герой праводзіць шчаслівыя гадзіны з каханай, вакол гэтага дома ён крочыць у тузе і нямым адчаі, калі адносіны скончыліся, сюды неаднойчы ў думках прылятае ў вобразе кажана.
“Гавары мне Туўла, шапчы мне, калі зара ўсё чырваней расссвятляе высокія, ужо і без таго чырвоныя, Бэрнардынскія муры, калі пад усімі сваімі мастамі, нібы лава, бурліць Вілейка, а найлюцей тут, каля Бернардынаў..” — ужо ў самым пачатку рамана галоўны герой распавядае пра Зарэчча. І не дзіва — старажытныя (XVI ст.) Бернардынскія муры, а таксама касцёл Св. Ганны добра бачны, калі стаіш каля дома з апсідай.
Наступнае важнае для героя рамана мейсца — Бернардынскі кляштар, альбо дом цёткі Лідзіі, які знаходзіцца па адрэсе вул. Млыновая, 3 (літ. — Malūnų g. 3). Увогуле, гэты будынак — кляштар бернардынак, заснаваны ў XV ст., сучасны выгляд ён набыў у XVIII ст. Менавіта ў гэтым будынку жыла Лідзія, баявая цётка героя рамана. Тут жа, побач, і два масты — крыты і бетонны, якія з’яўляліся штодзённай часткай маршрутаў жыхароў Зарэчча.
“Ува мне заўсёды — і сёння — нешта варухнецца, як толькі зноў пабачу тыя два масты, доўгі Бернардзінскі кляштар, вузкі прагал у анафілядзе дворыкаў — “брамку”, за якою адкрываюцца вантробы і кляякі сапраўднага Зарэчча, — колькі тут было пераходжана няпэўнымі нагамі…, — распавядае герой кнігі пра масты і кляштар.
Адносна недалёка месціцца і адна з найстарэйшых хрысціянскіх віленскіх святынь Прачысценскі сабор ( XIV ст.), вул. Майроніса (Maironio g.14), заснаваны яшчэ пры князе Альгердзе. Сюды, “у рускую выспачку ў пячонцы Вільні”, заходзілі герой кнігі з Туўлай, падчас сваіх бадзянняў па Зарэччы.
Калі рухацца уздоўж вуліцы Зарачанскай (літ. — Užupio g. ), міма анёла Зарэчча, уверх, то справа ў арцы будзе бачны Касцёл св. Барталамея (Užupio g. 17). Касцёл збудаваны ў XIX ст., за савецкім часам у ім былі майстэрні скульптараў. У майстэрнях, вядома, скульптары не толькі ўласна стваралі скульптуры, але і бавілі вольны час.
“У касцёльчыку Барталамея мне давялоя начаваць, піць такайскае там з Аўрэлітай (адна з жанчын героя кнігі — А.Д.) – пасля яна пакінула мяне аднаго: я сноўдаўся па нэфах, застаўленых недакончанамі статуямі, — тут працавалі разбяры,” — распавядае герой кнігі.
Калі працягваць рухацца далей па вуліцы Зарачанскай, звярнуць на вуліцу Полацкую, і праз яе — на Жвіровую вуліцу, то на перадзе будуць Бернардынскія могілкі (пач.XIX ст.) (Žvirgždyno g. 3), яшчэ адзін пункт з рамана. “Разам гулялі па могілках з Туўлай, гублялі адно адное і зноў знаходзілі..”
Менавіта тут герой кнігі нярэдка гуляў са сваёй каханай Туўлай, заходзіў да сябра Валянцінаса, які меў майстэрню зусім побач, сноўдаўся адзін.
Недалёка знаходзіцца Гара Бекеша, на яе можна патрапіць з вул. Крыўскай (літ. — Krivių g.)
Бэкешава гара – замчышча ў Вільні на правым берзе Вялейкі, на якой пахаваны паплечнік Стэфана Баторыя, вугорскі вайсковец Каспар Бекеш (XVI ст.) . У рамане Бекешава гара нярэдка выступае як фон, неад’емная частка Зарэчча, там жа, летняй ноччу, герой бавіць час з Аўрэлітай Банапартаўнай. Таксама гара з’яўляецца прыстанішчам розных бадзяг, дзівакоў і эксгібіцыяністаў.
Калі выйсці з Зарэчча, спусціўшыся з гары ў бок Бернардзінскага саду, і ісці да катэдральнай плошчы, па дарозе патрапіцца павільон-кавярня савецкіх часоў, яна знаходзіцца ў сквэры ля падножжа Замкавай гары. У часы падзеяў, апісаных у рамане, гэтая кавярня насіла назву “Ратонда”.
“Павеў багемы і памятка з маладосці,” — так называе яе герой кнігі. І менавіта там пачалося апошняе спатканне героя з Туўлай. “Усё навокал правальваецца, растае ў паветры, бо вунь там, па мокрай жвірыстай сцежцы з басаножкамі ў руцэ брыдзе па лужынках Туўла!”
Калі ж выходзіць з Зарэчча па вуліцы Майроніса (Maironio g) і падняцца на віленскі барбакан, то адтуль ужо зусім недалёка да вуліцы Росу (Rasu g). Там знаходзіцца турма строгага рэжыму, у часы, якія апісваюцца ў кнізе, часткай турэмнага комплексу была Турма для п’яніц, дзе таксама давялося пабываць герою. Тут жа і касцёл Візытак – касцёл Сэрца Ісуса на вуліцы Роса (XVIII ст.), за савецкім часам ут таксама была тэрыторыя турмы. З вакна турмы ён таксама бачыў вуліцы Віцебскую і Полацкую, ліпы віленскага прадмесця Ліпоўка (літ. — Lepkalnis), дзе размяшчаюцца праваслаўныя могілкі.
Побач, на Субачаўс, 26 (Subačiaus g. 26) — велічны касцёл Місіянераў, каля якога таксама праходзілі шляхі галоўнага героя.
У кнізе сустракаецца яшчэ шмат іншых віленскіх мясцінаў — гастраном “Рытас” і кавярня “Юпі Ду”, “Cабачы рынак”, “Бацькава магіла”, матыліныя могілкі, псіхіятрычная клініка, у якой аўтар правёў пэўны час, мастацкі інстытут, прыстань цеплаходаў і шмат яшчэ. А таксама гарады — Каўнас, Мінск, Днепрапятроўск (суч. — Дняпро), Сімферопаль. Наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў — мапа Туўлы вялікая і насычаная цікавымі аб’ектамі.
А мы яшчэ раз пройдземся праз Зарэчча, цытуючы галоўнага героя: “..вось я ізноў іду міма ўсё яшчэ рэстаўраваных Бернардзінцаў, па апалым лісце клёнаў і таполяў, па асфальце і клінкеры з боку Прачыстай падыходжу да дома з апсідай, спыняюся на адным з масткоў, абапіраюся на парэнчы, куру і гляджу на прасякнуты сырасцю дом на другім беразе рэчкі — на доўгі кляштар, дзе жыла мая цётка Лідзія, гляджу на паўразбураныя складзікі, …, і веру, што сапраўды бачнымі і нябачнымі ніткамі я звязаны і з тым берагам, і з павіслай над Бекешавай вежай хмарай, і з усё больш разрослай плантацыяй лопуху”, — сканчвае герой свой расповед.
Памяць і каханне працягваюць жыць, зліваючыся ў адной кропцы ў Зарэччы. І гэта дае надзею.
Юргіс Кунчынас (1947 – 2002) – паэт, эсэіст, перакладчык, адзін з найбольш вядомых празаікаў пасля аднаўлення незалежнасці Літвы. Вывучаў нямецкую філалогію ў Віленскім універсітэце. Пасля службы ў савецкім войску працаваў выхавальнікам у інтэрнаце, грузчыкам, санітарам, лабарантам на мэтэастанцыі, экскурсаводам, рэдактарам, перакладчыкам з нямецкай мовы. Аўтар больш за двух дзясяткаў кніг прозы і паэзіі. Найбольш вядомы яго раман “Туўла”, выдадзены ў 1993 г.
Асноўная частка інфармацыі, мапа перамяшчэнняў і цытаты ўзяты з кнігі: Юргіс Кунчынас “Туўла”, пераклад з літоўскай мовы Сяргея Шупы. Прага, выдавецтва “Вясна”, 2024 год.
АД, для bellit.info