У выдавецтве Рамана Цымберава пабачыў свет “Эпас пра Гільгамеша” ў перакладзе філолага і паліглота Лявона Баршчэўскага.
Пераклад гэтага выдання выкананы збольшага паводле акадскай “нінэвійскай версіі”, найбольш імаверным аўтарам якой быў заклінальнік Сін-леке-ўніні з Вавілону, які жыў каля ХІІ ст. да н. э.
“Эпас пра Гільгамеша”, які ў розных моўных і сюжэтных версіях складаўся ў першай палове ІІІ — другой палове ІІ тыс. да н.э., — магчыма, самы старажытны эпічны твор сусветнай літаратуры і адначасова самы вядомы тэкст культуры Старажытнай Месапатаміі. Гэта толькі малая частка вялікай колькасці вавілонскіх эпасаў, але яна найбольш знакавая, бо мае сваю арыгінальную “пасіянарную філасофію”: спалучэнне самааналізу, моцнай жарсці і неверагоднага пачуцця авантурызму і няўрымслівасці.