Юля Цімафеева ў падкасце “Адкуль бяруцца кнігі”

Госцяй чарговага падкасту “Адкуль бяруцца кнігі”, які выходзіць у межах праекту “Літрадыё” стала паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева. Аўтарка расказвае пра дакументальную паэзію, якая згладжвае рэчаіснасць, пра напісанне “Менскага дзённіка” ў пальчатках ангельскай мовы, пра захапленне калажамі ды пра мастацтва Ансельма Кіфера і Луіз Буржуа, якія заўжды натхняюць.

Юля Цімафеева — паэтка, урошчаная каранямі ў свой род і зямлю. Менавіта вясковае дзяцінства дало Юлі сапраўды экзістэнцыйныя назіранні — нараджэння і памірання ўсяго жывога або прыгажосці зорак. І як бы далёка аўтарка ні была ад дому, вёска бясконца праяўляецца ў яе вершах вытанчанымі і змрочнымі вобразамі.

Паэзія Юлі — шмат у чым дакументальная, заснаваная на маленькіх гісторыях, на аскепках памяці. Нядаўна яна скончыла новую кнігу вершаў, у якой паводле лістоў і сведчанняў блізкіх піша сваю гісторыю выгнання — высялення ейнай сям’і з вёскі, якая апынулася ў зоне адчужэння.

Слухаць падкаст на іншых платформах: Spotify, Apple Podcasts, Castbox, TuneIn