Выйшла дзве новыя аўдыякнігі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Фонд “Камунікат” выпусціў у серыі “Кнігі без літар” другую частку зборніка эсэ Уладзіміра Арлова, а ініцыятыва Audiobooks.by выступіла дыстрыб’ютарам праекту “Радзіва «Прудок»” Андруся Горвата.
Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік… Аўдыякніга “Радзіва «Прудок»” пра чалавека, які шукае сваё месца ў гэтым свеце. Такім месцам магла б стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі.
Гэтая аўдыёкніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэтая кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе.
Андрусь Горват пісаў кнігу тры гады. Да пераезду ў вёску ён працаваў журналістам і дворнікам тэатра імя Янкі Купалы. З гэтага і пачынаецца дзённік, які атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій ды стаў ужо легендарным творам, які раней можна было набыць толькі ў касе Купалаўскага тэатра.
Агучылі Святлана Ключнік, Аляксандр Сайко і Андрэй Белы.
Слухаць і спампаваць кнігу можна на розных пляцоўках: Kobo, Google Play Books (не працуе ў Беларусі), Audiobooks.com, Apple Books (толькі ў ЗША), Spotify Audiobooks (толькі ў ЗША).
Кніга выбраных эсэ Уладзіміра Арлова — своеасаблівая машына часу, якая дапаможа чытачу зьдзейсніць дзясяткі падарожжаў, нязменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і — непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам. Пунктамі прызначэння будуць Менск пачатку 1990-х і Берлін з абрынутай толькі ўчора сцяной паміж двума светамі, Грузія часоў Звіяда Гамсахурдзія і Сахара дарэвалюцыйнага Тунісу, дах яшчэ цалюткага Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і стакгольмская кватэра нобелеўскага лаўрэата 2011 году паэта Тумаса Транстромера…
Разам з пісьменнікам чытач зможа адчуць змены, што адбыліся ў нашай краіне і свеце за цэлую чвэрць стагоддзя. Эсэ, што ўвайшлі ў кнігу, перакладаліся болей, чым на дваццаць моваў.
Слухаць можна на Spotify, Soundcloud.