“Святочны час” — кніга пра звычаі і павер’і беларусаў

У выдавецтве “Беларуская навука” з друку выйшла праца “Святочны час. Народныя звычаі і павер’і ў аповедах беларусаў” этнолага, кандыдаткі гістарычных навук Таццяны Кухаронак — кніга прысвечаная святочным традыцыям беларусаў, паведамляе “Суполка беларускіх пісьменнікаў”.

Праца адметная тым, што не апісвае самі народныя святы, якія даўно і грунтоўна занатаваныя даследчыкамі, а звяртае ўвагу на розныя стадыі і аспекты святкавання, а таксама на вераванні, якія гэтыя справы суправаджаюць.

У кнізе шмат ілюстрацый, у тым ліку архіўных.

“У кнізе на багатым фактычным матэрыяле, сабраным падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, даецца комплекснае ўяўленне аб каляндарных звычаях беларусаў як найважнейшай сферы і падсістэме жыццядзейнасці нашага народа, калі кожны абрад, магічнае дзеянне, песня або заклічка мелі на мэце паспрыяць будучаму шчодраму ўраджаю, дабрабыту, моцнаму здароўю. Прадстаўлены ў першую чаргу аповеды вясковых жыхароў, запісаныя ў апошнія 10 – 20 гадоў, іх успаміны, уражанні, звязаныя са святамі народнага календара. Аўтарскі тэкст арганічна іх дапаўняе для поўнай характарыстыкі традыцыйных каляндарных святаў, звычаяў, павер’яў і абрадаў беларусаў ў рэгіянальнай разнастайнасці”,расказваецца ў анатацыі да выдання.

Адрасуецца этнографам, фалькларыстам, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца культурай роднага краю.

Кнігу можна купіць у Менску ў “Акадэмкнізе”.