Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала і адкрыла перадзамову на новую кнігу — “Залатое зерне: казкі” Мечыслава Яна Супрона. Зборнік уключае дзесяць беларускіх аўтарскіх казак пра дабрыню, працавітасць, ветлівасць, кемлівасць і міласэрнасць.
Аўтар ілюстрацый сам пісьменнік, а рэдактар — Андрэй Скурко.
У прадмове да кнігі аўтар піша:
“Зборнік казак, які вы трымаеце ў руках, — гэта легенды і павер’і, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў маёй сям’і. Гісторыі, пачутыя ў маленстве ад вясковых бабуль і дзядуль, натхнілі мяне на напісанне гэтай кнігі.
Беларуская вёска — сапраўдны рэлікт старадаўніх уяўленняў і звычак нашых продкаў. Магчыма, сёння гэта здаецца дзіўным, але нават у самым канцы ХХ стагоддзя сярод вясковых людзей на Лідчыне існавала (і працягвае існаваць!) шмат забабонаў і вераванняў, якія сваімі каранямі сягаюць у дахрысціянскія часы. Напрыклад, мая бабуля Юзэфа была ўпэўнена ў тым, што яе суседка па хутары наводзіць чары і крадзе ў кароў малако. А бабуля Галя пераконвала, што рапуха, якая забралася ў хату, — праяўленне нячыстай сілы, і каб адвесці няшчасце, трэба яе спаліць у печцы.
Усе гэтыя гісторыі я не забыў і пераказаў сваім чытачам”.
Цана па перадзамове на сайце выдавецтва gutenbergpublisher.eu (да 1 кастрычніка) — 42 злотых (10 еўра)