Бэстсэлер Эндзі Ўіра “Марсіянін” выйшаў адразу ў трох фарматах — папяровым,
электронным і аўдыя. Пераклад і выданне кнігі сталіся магчымымі дзякуючы супрацы Асацыяцыі Беларусаў у Амерыцы, выдавецтва Gutenberg Publisher і аўдыявыдавецтва Audiobooks.by.
А таксама дзякуючы фінансавай падтрымцы беларусаў і беларусак ЗША — Мікіты, Юрыя, Марыянны, Каці і Сяргея.
“Хтосьці скажа, што «Марсіянін» — не самая неабходная сёння кніга па-беларуску і ёсць
процьма іншых праграмных і больш сур’ёзных твораў, якія спярша хацелася б мець у
перакладзе, але, на маю думку, якраз такой літаратуры — сучаснай, прыгодніцкай,
папулярнай, даступнай і цікавай шырокаму колу чытачоў — нам і бракуе. Не буду хаваць, як
перакладчык я атрымаў сапраўднае задавальненне, працуючы над гэтым тэкстам, і,
нягледзячы на пэўныя цяжкасці, мне самому да апошняй старонкі было цікава. Таму
спадзяюся, што і чытачы атрымаюць не меншае задавальненне ад гэтай неймавернай і
кранальнай гісторыі, якая дае нам надзею і прыклад веры ў чалавека і чалавецтва”, — падзяліўся ўражаннямі ад працы перакладчык, які пажадаў застацца ананімным.
Прадусар праекту, кіраўнік аўдыявыдавецтва Audiobooks.by Мікіта Белаглазаў у сваю чаргу віншуе ўсіх з выхадам яшчэ адной кнігі па-беларуску і спадзяецца што выданне “Марсіяніна” пакладзе пачатак серыі перакладаў розных амерыканскіх бэстсэлераў на беларускую мову — па кнізе на год—два, а таксама натхніць іншыя дыяспары ўзяцца за падобную справу.
Пачатак ў аўдыяфармаце можна паслухаць бясплатна.
Дзе знайсці кнігу:
Папяровая: на сайце выдавецтва Gutenberg
Для жыхароў ЗША тут
Электронная: Kobo.com
Аўдыя: Audiobooks.by