Спявак і аўтар песень Зміцер Вайцюшкевіч у межах свайго музычнага праекту WZ-Orkiestra выпусціў новы альбом — “Акно”. Як і ў многіх ранейшых працах Вайцюшкевіч звяртаецца да выбітнай беларускай паэзіі, гэтым разам асновай сталі паэтычныя тэксты Алеся Разанава (1947—2021).
Альбом складаецца з 13 асноўных і 2 бонусных трэкаў.
“Такога альбома ў Тодара [Змітра Вайцюшкевіча] яшчэ не было! Цыкаль кампазыцыяў на вершы Баха айчыннае паэзіі. Голас выключна дэклямуе. Музыка штораз вынікае з тэксту, але далей разьвіваецца сама зь сябе. Тонкая гукаграфіка чаргуецца з аркестровым гучаньнем. Тая аркестра паўстае нібыта з чароўнае скарбонкі. Што рэальнае, што прывіднае – незразумела. Губляесься ў ляндшафтах, ляціш, падхоплены цячэньнем. Раптам то падлучаецца дзіцячы хор, то выбягае фартэпіяна ў духу мінімалізму, разгортваюцца пласты струнных, сьцеляцца слаі духавых, выплывае лягічны арганны акорд… Захапляльна! Невычэрпна!” — піша пра “Акно” паэт, музычны крытык і даследчык Віктар Сямашка.
Слухаць альбом можна на большасці лічбавых пляцовак: Spotify, YouTube, AppleMusic i інш.