Зямля над белай ракой

Праграмная рада тыднёвіка “Ніва” выпусціла новы паэтычны зборнік Андрэя Сцепанюка — “Зямля над белай ракой”. У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя пасля 2016 года, калі выйшла першая кніга аўтара, “Распісаны квадрат”; многія з іх друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў” і тыднёвіку “Ніва”. Прапануем чытачам слова ад рэдактара свежавыдадзенай кнігі — Яўгена Вапы.

Назіраць за часам – выклік для паэтычнасці значна больш складаны, чымсьці ўгляданне і ўкладанне толькі ў аголенае чалавечае яканне. Той час нараджаецца з нашым зачаццем і выношваннем ва ўлонні матчынай трывогі і надзеі. Мацярынскія словы, чутныя ўжо тады штодзённа, будуць тым першым, назапашаным моўным паняццем, з якім, з вялікім крыкам прарвешся ў абмежаванасць тваёй зямной часапрасторы. З гэтай хвіліны афіцыйна стартануў менавіта ўжо наш час прамінання, а кожны, пасяліўшыся ў сваім доме з літар, можа надаць яму такі кшталт, што застаецца ў памяці не толькі сямейнага пераказу, але будзе той жамчужынай, што ўпрыгожыць і ўвекавечыць дух і моц літар алфавіта твайго народа. Бо ёсць у тым балючае адчуванне і разуменне сутыкнення з часам жыцця, які ўжо для некаторых старажытных філосафаў абазначаў толькі плывучую нясучасць.

Накопленасць шматгадовай балючасці назіранняў і патрэба тады такога акту акунання сябе і свайго народа ў паэтызаванай, сакральнай абраднасці ачышчэння, гэта тое, што новы паэтычны зборнік Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой» ставіць вельмі сур’ёзныя пытанні ў беларускай літаратурна-культурнай прасторы выжывання.

Універсалізм чалавечага цярпення, момантамі безнадзейнасці, знітаваны тут неразрыўна з болем патаптанага і скамечанага беларускага лёсу, а мо і патратай той Ітакі, якая адплыве назаўсёды разам з тымі выструганымі намі караблікамі, якія панеслі тыя лужыны, ручайкі і рэкі дзяцінства. У якой ступені такі лёс з’яўляецца часам нашай эмацыянальна-нацыянальнай няспеласці? Мо таму і на нашай падляшскай зямлі прыйшоў час адпявання і самазнікання, а крыху далей расцярушанасць, крыўда, кроў ад узурпатарскіх жорнаў, што перамалоць хочуць таксама і тваю мову і надзею на яе лепшую долю. Як жа не хочацца стацца і звацца людзьмі на зямлі над рэкамі забыцця!

Нічога затым дзіўнага, што асэнсаванасць тых усіх кругазваротных лёса-часовых працэсаў праз пранізлівую паэтычнасць Андрэя Сцепанюка можа нас перасцерагаць і абараняць перад ілюзіяй самаздзяйснення ў раздзьмутых бурбалках ненасытнага самазадавальнення. Менавіта ягоныя вершы, быццам тыя рэкі, што ствараюць для нас суцэльную духоўную артэрыю, дазваляюць адчуць рэальныя пахі і смакі часу жыцця. Скажу нават больш – у нас застаецца проста прага надалей каштаваць кожнае яго слова і кожны радок. Вандраваць з родным словам, не як з цяжарам, не як з гарбом ці наканаваннем, але як з адчуваннем свядомага свайго выбару, сваёй сілы і слабасці, сваёй веры і грэху – дазваляе аднайсці сябе ў літаратурным пошуку патрачанага часу. Дзякуючы зборніку Андрэя Сцепанюка нам, чытачам, даецца прапанова назіраць і за сваім часам, праз які мо варта бачыць не толькі самога сябе. Памятаць пра яблык грэху з райскага саду, узгадаць апошнія яблыкі з дзедавай старой яблыні, услухоўвацца і ўглядацца ў свет нараджэння Хрыстовага, цярпення, смерці і ўваскрэсення Ісуса Хрыста, спеўны заход каляднікаў і валачобнікоў. І загадкавая ікона Божай Маці са сваёй бязмежнай, ласкавай усмешкай, ці бліжэй не сперсаніфікаваная намі ікона святога, што ўглядаецца са святога кута ў кожным пакойчыку… Менавіта тая сакральная машына часу дазваляе беларускаму паэту з Бельска-Падляшскага знайсці дыстанцыю да бягучых падзей і надаць яму адвечную форму вандраванням па храмах, манастырах і могілках на роднай зямлі. Намоленасць роднай зямлі і хатніх святых кутоў дазваляе жыць з малітвай не толькі ў канфесійным парадку, але перш за ўсё ў адчуванні вечнасці нашага прамінання і любога месца ахвяравання малітвы Богу.
Таму і зусім інакш глядзіцца на раку часу, якая стагоддзямі, а ўжо праўдзівей нават тысячагоддзямі, скрываючыся ў белых, малочных туманах, выклікала розныя прывіды раслінна-жывёльнага свету з фантасмагорыяй святасці і чартоўшчыны, акрашанай уяўленнямі постацей, шматнацыянальнай і шматканфесійнай падляшскай зямлі. А паміж замкавымі гарамі, распаложанымі ўздоўж цякучых рэк, бачыліся вершнікі з мячамі на конях у пагоні за тымі ліхадзеямі, што хацелі разбураць, паліць і загнаць у чужыншчыну нашу мінуўшчыну. І хоць зараз ужо тут не замкавыя горы, але па паэтычнаму, сцепанюкоўскаму – драўляная, што маўчыць і трывае. Мо аднак яшчэ цокату падкутых конскіх капытоў нават са здзірванелага замкавага падзямелля нам удасца паслухаць?

Хуткасць, шматлікасць і маланкавасць злабадзённых спраў адбірае ў нас ахвоту стаць вока ў вока з выклікамі больш маральна-экзістэнцыяльнага характару. Бо ж цяжар цярпенняў і нагрузкі для душы і сэрца многім здаецца старасвецкім і аджытым у часы камп’ютарных інтэлектаў. Аднак старацца адкрыць і апісаць душу дадзенага народа патрабуе аўтарскага ахвяравання і пакутнага маўчання, каб выбудаваць моц свайго дому з літар. Паэтычны зборнік Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой» прыплыў да нас, чытачоў, са спрадвечнай падляшскай культурнасці і знакаміта ўпісаўся ў вечнасць беларускай паэтычнай літаратуры. Дзякуй, Андрэй!

Яўген Вапа