Выйшла палітычная біяграфія кіраўніка БССР Слюнькова

Гісторык і журналіст Дзяніс Марціновіч напісаў палітычную біяграфію беларускага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча савецкіх часоў Мікалая Слюнькова. Кніга “Слюнькоў. Палітычная біяграфія” перамагла на конкурсе рукапісаў “Шуфлядка” ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova, у намінацыі “Нон-фікшн і дакументальная проза”.

Прызам конкурсу стала падтрымка друку кнігі ў беларускім выдавецтве. Як вынік, твор выйшаў у выдавецтве “Янушкевіч”. Кнігу ўжо можна купіць на сайце анлайн-кнігарні Knihauka і на Allegro.pl.

Дзяніс Марціновіч расказваў у інтэрв’ю, што цікавіўся перыядам перабудовы яшчэ ў часы навучання на гістарычным факультэце БДУ, нават планаваў пісаць па ім дысертацыю.

“Але мне намякнулі, што займацца сучаснасцю ніхто не хоча, бо нават у тыя нулявыя гады сучаснасць была небяспечная: чым далей ад яе, тым лепш. Дыплом і кандыдацкую дысертацыю пісаў па 1920-30-х”, — тлумачыў гісторык, адзначыўшы, што любоў да перабудовы пры гэтым нікуды не знікла.

“Выпадкова ў пачатку вучобы на гістфаку даведаўся, што сярод кіраўнікоў тагачаснага СССР быў беларус, член палітбюро Мікалай Слюнькоў. У Расіі як бы хапала сваіх людзей, пра якіх многія гісторыкі пісалі, я разумеў, што няма сэнсу даследаваць перабудову выключна як гісторыю Расіі. Таму я на 5 курсе, у 2008 годзе, вырашыў для душы пачаць пісаць палітычную біяграфію Мікалая Слюнькова”.

Такім чынам, кніга пісалася з перапынкамі амаль 15 гадоў.

“Увогуле гэта першая біяграфія Слюнькова. Наогул біяграфій кіраўнікоў Беларусі XX-XXI стагоддзя амаль няма. Існуюць панегірычныя, занудныя савецкія біяграфіі кіраўнікоў 1920-х, а таксама кнігі пра Панцеляймона Панамарэнку, Кірылу Мазурава (яе рэдактарам, дарэчы, была яго дачка), ёсць некалькі кніг пра Пятра Машэрава“, — расказвае аўтар і дадае, што імкнуўся крытычна аналізаваць сабраныя матэрыялы пра героя кнігі.

“…Мог адзначыць, напрыклад, што які-небудзь аўтар, які пісаў пра Слюнькова, у пэўным моманце не мае рацыю, і тлумачыў, чаму я так лічу. Натуральна, ёсць мае ўласныя высновы, згаджацца з імі альбо не — справа чытача”.

У пачатку кнігі Дзяніс Марціновіч дае вось такую характарыстыку Слюнькову: 

“У гэтага чалавека было ўсё, акрамя, мабыць, машэраўскіх абаяння і харызмы. Можа, гэты чалавек мог бы стаць сапраўдным беларускім лідарам? Бо яго мінусы сур’ёзна хвалявалі толькі інтэлігенцыю ды выклікалі раздражненне хіба ў асобных прадстаўнікоў эліты. Калі б… Калі б не адбыліся падзеі, пра якія пойдзе гаворка ў гэтай кнізе”, — піша ён. 

У цэлым Мікалай Слюнькоў для аўтара хутчэй адмоўны палітык, але разам з тым Слюнькоў быў даволі таленавітым чалавекам: разбіраўся ў эканоміцы лепш за ўсіх астатніх кіраўнікоў БССР. 

“Пры ім узровень жыцця стаў лепшым, — кажа Марціновіч. — З другога боку, Чарнобыль пераважвае ўсё. Дзеянні відавочна былі злачыннымі. 

Слюнькоў ажыццявіў кадравую рэвалюцыю. Замянілі вельмі шмат машэраўскіх кадраў, прыйшло новае пакаленне, яны былі гаспадарнікамі. Большасць з іх прыйшлі з вытворчасці, заводаў. І праблема гэтых людзей, якіх Слюнькоў фактычна прывёў да ўлады, была ў тым, што ў іх цалкам адсутнічала нацыянальная самасвядомасць. Каштоўнасць беларускай мовы для іх была незразумелая, яны яе не любілі. Ментальна былі савецкімі людзьмі, якія працягвалі рабіць стаўку на Маскву. 

Калі ў 1991-м Беларусь стала незалежнай, можна было рабіць рэформы, а «каманда» Слюнькова ўсе спробы патапіла. Калі б у 1990-я рэформы прайшлі, Беларусь была б зусім іншай. Слюнькоў вельмі паўплываў на далейшае развіццё Беларус”, — лічыць Дзяніс Марціновіч.

МІКАЛАЙ СЛЮНЬКОЎ (1929–2022) — беларускі дзяржаўны і партыйный дзеяч савецкіх часоў. Нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Прайшоў на Мінскім трактарным заводзе шлях ад памочніка майстра да генеральнага дырэктара. З’яўляўся першым сакратаром Мінскага гаркама партыі, а затым быў пераведзены ў Маскву, дзе працаваў намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. У 1983–1987 гадах — кіраўнік БССР. Радыкальна змяніў беларускую кадравую эліту, замоўчваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1987–1990 гадах — сакратар Цэнтральнага камітэта КПСС і член Палітычнага бюро партыі, у якім удзельнічаў у спробах рэфармаваць савецкую эканоміку.