Выйшла з друку Біблія ў перакладзе на беларускую мову пастара мінскай царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна. Над перакладам Святога Пісання са старажытнагабрэйскай і старажытнагрэцкай моваў пастар працаваў 12 гадоў. Кніга распаўсюджваецца бясплатна.
“Пры канцы года Госпад даў магчымасць надрукаваць Біблію па-беларуску. Я пачаў гэты пераклад у 2011 годзе і з Божай дапамогай скончыў у 2023-м. Няхай Госпаду будзе ўся слава! Таксама вялікая падзяка ўсім, хто спрычыніўся да гэтага выдання. Гэтую Біблію нельга набыць, але магчыма атрымаць бясплатна ў Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў (г. Мінск, вул. Райніса, 6) або ў Тэалагічным інстытуце хрысціян веры евангельскай (г. Мінск, вул. Гурскага, 48)”, — напісаў у фэйсбуку Антоні Бокун.
У электронным выглядзе Біблію па-беларуску можна чытаць праз мабільныя дастасаванні YouVersion і MyBible, а таксама праз сайты www.bible.by, www.biblia.by, www.biblija.by.