Пабачыў свет новы сорак чацвёрты выпуск “Запісаў БІНіМ”, які атрымаўся досыць стракатым, мажліва нават эклектычным, зрэшты, як і ўсё беларускае нацыянальнае жыццё на эміграцыі і ў мінулым, і ў сучаснасці. Розныя чытачы змогуць знайсці сярод змешчаных тут матэрыялаў нешта для сябе цікавае.
Надзвычай важнай у гэтым выпуску зяўляецца публікацыя ўпершыню ўспамінаў Людмілы (Мікі) Канчэўскай — жонкі беларускага філосафа Ігната Канчэўскага. Пераклад на беларускую мову з выдатнымі каментарамі падрыхтавалі Святлана Курс, Марыя Мартысевіч і Тамара Юстыцкая.
У рубрыцы “Эпісталярыі” — перапіска Вацлава Пануцэвіча і айца Льва Гарошкі і ліставанне з архіваў Антона Адамовіча і Юркі Віцьбіча, ліставанне Ларысы Геніюш, а таксама прапанаваная Ганнай Янкутай перапіска двух пісьменнікаў: беларускага — Кастуся Акулы і польскага — Фларыяна Чарнышэвіча, што закранае балючыя пытанні беларуска-польскіх дачыненняў у ХХ ст.
У рубрыцы “Выданне” — тэксты малавядомай беларускай ініцыятывы 1940-х — “Ордэну Двупагоні”, і найперш вялікі памфлет С. Хізмы (Антона Адамовіча) “Крыху каля «святароў» і «цемняроў» (Зацемкі ўцвеленага філёлёга)”.
У рубрыцы “Жанр” публікуецца своеасаблівая аўтабіяграфія пісьменніка Уладзімера Сядуры-Глыбіннага.
У рубрыцы “Угодкі” публікуюцца тэксты да гадавінаў беларускага дзеяча, гісторыка і выдаўца з Кліўлэнду Міхася Белямука.
Па-за “тэмай нумару” таксама альманах традыцыйна выступае ў якасьці пляцоўкі для публікацыяў вынікаў разнастайных даследаванняў беларусаў з розных краінаў. І ў новым выпуску рубрыка “Публікацыі” як ніколі тэматычна разнастайная. Тут можна прачытаць заўвагі пра аўтарства “Песні беларускіх выгнанцаў” ад Веры Бейкі; спробу рэканструкцыі архіву Язэпа Драздовіча; біяграфію праваслаўнага святара Міхала Бажар’янава, што працаваў для беларусаў на выгнанні падчас Другой сусветнай вайны, ад Юрыя Грыбоўскага; развагі пра асаблівасці жыцця беларусаў у Заходняй Еўропе пасля Другой сусветнай у святле ліставання беларускага дзеяча ў Францыі Лявона Рыдлеўскага ў тэксце Катажыны Вашчыньскай; спробу аднаўлення біяграфіі пісьменніка Анатоля Цярэшкі, зробленую Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам. У тым самым раздзеле Тацяна Астроўская піша пра ліставанне сёлетняга юбіляра Васіля Быкава з балгарскім літаратуразнаўцам і перакладнікам Георгіем Влчавым, Віталь Воранаў апавядае пра беларускую дуду на паштовых марках, а Наталля Гардзіенка — пра гісторыю ўдзелу беларусаў у амерыканскіх выбарах.
Замовіць кнігу можна праз сайт Kamunikat.org.





