Пісьменнік і выкладчык Віктар Марціновіч перарваў працяглае маўчанне ў сацсетках і паведаміў, што цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку і ў межах праграмы Фулбрайта як прафесар у Хантэрскім каледжы (Hunter College) будзе цягам некалькіх месяцаў працаваць над кнігай пра мастацтва.
“Заўсёды імкнуўся патрапіць у гэты горад. Здавалася: калі я прыеду сюды не турыстам, не на тыдзень, але каб застацца, зрабіць нешта істотнае, каб працяцца ягонай смугой, ягоным даждлівым настроем, дык атрымаецца нешта істотнае. Калісь з адной кніжнай прэзентацыі ў Вене пачаліся мае доўгія адносіны з тэатрам, якія дагэтуль прыносяць мне шмат радасці. Тое самае і тут, галоўнае пасяліцца блізка да Сэнтрал Парку і паразумецца з ягонымі хцівымі вавёркамі. У Нью Ёрку пабачу, як лета змяняе вясну, як верасень фарбуе платаны залатым”, — дзеліцца пісьменнік навінамі. — Я цяпер — Fulbright visiting professor, мушу напісаць у @huntercollege кнігу пра мастацтва, у якой знойдзецца месца і Бройгелю, і Шагалу, і Суціну. Але зараз, удыхаючы ветрык з Гудзону, чамусьці адчуваю журбу. Як быццам губляю нешта важнае. І гэта той гатунак смутку, які не хочацца гнаць прэч. З ім трэба прайсціся па Мэдысан, пасля збочыць да вады і падыхаць, гледзячы на далягляд. Магчыма, адпусціць. А калі не — атрымаецца добрая кніга пра мастацтва”.
Віктар Марціновіч аўтар не толькі шэрагу мастацкіх раманаў (“Сфагнум”, “Рэвалюцыя”, “Сцюдзёны вырай”, “Мова” і інш.), але і нон-фікшн тэкста пра Марка Шагала «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску».
Загалоўнае фота: @palasatka