“Сутарэнні Ромула” Рублеўскай цяпер можна паслухаць

Папаўненне ў калекцыі аўдыёкніг “Кнігі без літар”, якая збіраецца сайтам Kamunikat.org: днямі выйшла новая аўдыёкніга — раман “Сутарэнні Ромула” Людмілы Рублеўскай. Сюжэт трымае слухача ў напружанні да канца.

На паперы раман выходзіў у серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2012 годзе. Кніга была ўганараваная Літаратурнай прэміяй імя Францішка Багушэвіча.

“Бываюць кнігі, агучванне якіх даецца мне цяжка, — гаворыць Кацярына Ваданосава, якая агучвае кнігі для Kamunikat.org. — “Сутарэнні Ромула” — поўная супрацьлегласць такім кнігам. Раман вельмі дынамічны, насычаны сюжэтнымі ніткамі, іх перапляценнямі, повязямі… Гэта напраўду цікавая кніга. Калі я чытала яе, мне падавалася, што я нагбом п’ю шклянку халоднай вады ў спякотны дзень: хутка, прагна, з азартам. Розныя гістарычныя эпохі, блізкія і далёкія адначасова, яскрава прапісаныя героі, якім мы спачуваем, якіх разумеем, з якімі смяемся і плачам, ненавідзім ды кахаем… Для мяне чытво было лёгкім, хаця гэта абсалютна не значыць, што раман напісаны кепска. Наадварот: калі ёсць адчуванне, што аўтар гарэў, пакуль пісаў”.

Кніга знаходзіцца ў вольным доступе. Даступная і запампоўка сабе на прылады.