Створана прэмія за жыццёвыя дасягненні літаратараў, журналістаў і праваабаронцаў

Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам “Свабодная прэса для Усходняй Еўропы” абвясціў заснаванне новай прэміі “Голас пакалення свабоды”. Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў ва ўзросце 60+, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 году.

Мэта прэміі — выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 году былі вымушаны з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу і цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка (“Вясна”), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач (“Свабодная прэса для Усходняй Еўропы”).

Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:

  • Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі;
  • Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту;
  • Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 году ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве;
  • Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці;
  • Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.

Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 20 лістапада 2025 году  быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка “Голас пакалення свабоды”

Працэс намінацыі:

Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 году ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 году як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця. 

Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць  прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Кантакты арганізатараў і партнёраў прэміі: 

Адказная асоба для запытаў СМІ — Таццяна Нядбай (Беларускі ПЭН): svaboda@penbelarus.org 

Форма ўзнагароды:

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай “Голас пакалення свабоды”, які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял  у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.

Рэгламент прэміі «Голас пакалення свабоды»

Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.