Выдавецтва аўдыякніг Litaralna выпусціла аўдыяверсію знакамітага твору Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Агучвае кнігу актор Алег Гарбуз.
Празаічны зборнік пісаўся Янам Баршчэўскім на польскай мове і першапачаткова быў выдадзены ў 1844—46 гадах у чатырох кнігах. Пераклад, які здзейсніў Мікола Хаўстовіч, упершыню быў апублікаваны ў 1990 годзе.
Надзелены фенаменальнай фантазіяй і талентам прадбачання, Ян Баршчэўскі стаў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і ўзбагаціў яе, магчыма, адным з самых загадкавых і займальных твораў — кнігай “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, у якой шырока выкарыстаны беларускія народныя казкі, легенды і паданні. Разам з тым, гэта твор пра край, які мае сваю гісторыю. Пра край, мінулае якога было куды шчаслівейшае, чым сённяшні дзень. Насельніцтва якога — асобны народ, які можа й павінен жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў. Беларусам трэба толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць бацькаўшчыны, тлумачыць каманда Litaralna.