Цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця пройдзе 26 лістапада ў Гданьску (Польшча). Сёлета журы трынаццаты раз вызначыць тры найлепшыя празаічныя кнігі і галоўнага лаўрэата. Апроч таго 25 і 26 лістапада ў Гданьску пройдзе шэраг спадарожных мерапрыемстваў, звязаных з літаратурай.
Усе мерапрыемствы пройдуць у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pI. Solidarności 1), паведамляе Беларускі ПЭН.
25 ЛІСТАПАДА
18:00 – дыскусія “Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і”
Беларускія і польскія праваабаронцы і дзеячы культуры абмяркуюць разам супраціў прымусовай русіфікацыі і праблемы рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, палітвязняў, сем’яў, падзеленых трагічнымі падзеямі.
26 ЛІСТАПАДА
15:00-21:00 – Кірмаш беларускіх выдавецтваў
Выдавецтвы прывязуць на кірмаш беларускую літаратуру, у тым ліку кнігі фіналістаў і фіналістак сёлетняй прэміі Гедройця (першы паверх).
16:30 – Зміцер Бартосік, аўтарская сустрэча
Вядомы беларускі бард, радыёрэпарцёр і пісьменнік, пераможца прэміі Ежы Гедройця за 2016 год,, фіналіст сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.
17:00 – Ганна Янкута, аўтарская сустрэча
Беларуская пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры, фіналістка сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.
17:30 – Уладзімір Някляеў, аўтарская сустрэча
Выдатны беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, пераможца прэміі Ежы Гедройця за 2012 год прэзентуе кнігу «Без айчыны».
19:00 – цырымонія
Цырымонія ўручэння прэміі Ежы Гедройця, падчас якой будуць абвешчаны імёны лаўрэатаў і лаўрэатак. У цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культуры, адбудзецца прэм’ера буктрэйлераў да кніг фіналістаў і фіналістак, агучаных камандай прафесійных выканаўцаў аўдыявыдавецтваў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by». Беларуская спявачка і актрыса Дар’я Новік у суправаджэнні струннага аркестра выступіць з песнямі на вершы беларускіх палітвязняў, створанымі ў супрацы з кампазітарам Канстанцінам Яськовым.
Вядоўца цырымоніі: Сяргей Падсасонны — журналіст і грамадскі дзеяч.
У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў і ўдзельніц сёлетняга сезона прэміі ўвайшлі:
- Кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў», 2023.
«Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам ізноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» – Валянцін Акудовіч. - Кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022.
Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, – без інтэрпрэтацый. - Кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» аўтарства Евы Вайтоўскай, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў. У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), што выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры. - Кніга «На прызбе ў Сілічах» аўтарства Марыі Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023.
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе – так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай. Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі. Гэтыя тэксты маюць уражлівую мастацкую аснову як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане. - Кніга «Вольнеры. Прадвесце» аўтарства Валера Гапеева, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Тое, што ты лічыш дробяззю, раптам можа перавярнуць твой свет. І асабліва тады, калі ты гэтую быццам дробязь губляеш… Перад вамі – самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана… Трое сяброў – і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі. - Кніга «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гродне і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.
Намінантаў і намінантак на прэмію сёлета ацэньваюць сямёра літаратурных экспертаў і экспертак, сярод якіх Ульяна Верына, Катажына Дрозд-Урбаньска, Сяргей Кавалёў, Югася Каляда.
Арганізатары прэміі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Арганізатары цырымоніі Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.